Бард Зміцер Бартосік выступіў у Глыбокім
Бард Зміцер Бартосік выступіў у Глыбокім у межах курсаў “Мова Нанова”. На Віцебшчыну ён прыехаў разам са сваёй сям’ёй. Таму для глыбоцкай публікі спявалі яшчэ і яго дзеці, дачка Юстына і сын Геральд, выконваючы цудоўныя меладычныя песні на беларускай мове.
Як кажа Зміцер Бартосік, гэта яго першы выступ перад глыбачанамі разам са сваімі дзецьмі:
– Люблю дзяліцца з шаноўнай публікай чым-небудзь, што падабаецца самому. Паколькі яны спяваюць класна, я гэта кажу не таму, што я бацька, які радуецца любому, што б дзіця не зрабіла. Не, я ўсё ж такі спачатку паслухаў думкі іншых людзей. Мы вуступалі на публіцы не раз, таму вырашыў, што пара б ужо і глыбачанам паказаць, на што яны здольныя.
Паводле глыбачанаў, іх сапраўды вельмі ўразілі спевы дзяцей разам з бацькам або пад яго акампанемент. Кажа Данііл Ермаковіч:
– Я музыкант, творчы чалавек, граю на акардэоне, але мяне ўсё ўразіла. Тут асабліва ўразіла, як дзеці спявалі. Я да іх нават падышоў і запытаў, дзе яны вучацца. Яны мне ўсё расказалі, я ім апладысменты зрабіў.
Паводле Змітра Бартосіка, у Глыбокае ён прывёз рэпертуар, які адлюстроўвае жыццё ва ўсіх яго шматлікіх праявах, – ад нізкага да высокага. Гучалі песні, напісаныя ў 90-х гадах, да сучасных.
Як прызнаўся бард, апошнім часам ён не піша песні на свае вершы, але выконвае іх на вершы сучасных паэтаў, якія западаюць яму ў душу.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя