Барэльеф скульптара ў дар музею
Слонімскі мастак Павел Лявонаў падараваў Слонімскаму краязнаўчаму музею імя Стаброўскага барэльеф скульптара Леаніда Богдана (1953-2017). Падарунак прыняла дырэктарка музея Алена Сухарукава, якая адзначыла, што гэта першы экспанат памяці Леаніда Богдана, які папоўніў музей.
Нагадаем, што вясной 2017 года адзін з таленавітых людзей Слоніма Леанід Богдан трагічна загінуў ва ўласным доме ад рук роднага ўнука, які скульптара і яго жонку забіў нажом і сякерай. Гэта трагедыя шакіравала ўсю Беларусь.
Леанід шмат зрабіў твораў і пакінуў роднаму Слоніму. Першымі яго самастойнымі бюстамі былі партрэты касманаўта Юрыя Гагарына і паэтаў Валянціна Таўлая, Алега Лойкі і Анатоля Іверса.
А потым слонімскі мастак зацікавіўся творчасцю Адама Міцкевіча. Перачытаў яго паэмы. А адна – “Гражына” – проста зачаравала скульптара. Пасля гэтага Леанід стварыў скульптурны вобраз Гражыны – наваградскай князёўны. Скульптар рабіў і вялікі герб Слоніма. Марыў герб Слоніма паставіць у цэнтры горада. Шмат часу ён аддаў, працуючы над помнікам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Ён меркаваў гэты помнік ўсталяваць у Слоніме ў цэнтры горада каля музея.
Гэта дзякуючы Леаніду Богдану ў Слоніме з’явілася мемарыяльная шыльда, прысвечаная заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму, якая прымацавана на будынку музея. Гэта Леанід зрабіў шыльду піянеру-герою Васі Крайняму. І яго заслуга ў тым, што ён стварыў і прымацаваў на будынку Слонімскага драмтэатра шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1730-1800) – пачынальніку тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. І ўсё гэта Леанід Богдан зрабіў бясплатна і падараваў Слоніму.
На вуліцы Опернай у Слоніме быў пастаўлены вялікі валун. На ім выбіты тэкст: Замчышча і гады: XI-XVIII ст.ст. Гэта таксама работа слонімскага мастака Леаніда Богдана.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота: slonves.by