Барыс Пятровіч прэзентаваў „Пуціну” ў кнігарні „Логвінаў”
У Менску адбылася прэзентацыя новай кнігі пісьменніка, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча „Пуціна”. Па словах самаго аўтара, агулам у яго выйшла 10 кніг, але толькі гэтую ён прадставіў чытачам асабіста, на адмысловай прэзентацыі. Гэта зроблена для таго, каб сабраць сродкі для падтрымкі кнігарні „Логвінаў”, якая апынулася на мяжы закрыцця з-за велізарных штрафаў, накладзеных інспекцыяй па падатках і зборах Цэнтральнага раёну Менска.
– Прапанавалі паўдзельнічаць у марафоне падтрымкі кнігарні “Логвінаў”, якая сапраўды вельмі шмат робіць дзеля беларускай літаратуры, дзеля беларускай культуры, дзеля беларускай мовы. Падтрымаць кнігарню – гэта наш абавязак, бо фактычна мы летась страцілі кнігарню “Галіяфы”, яшчэ адну беларускую кнігарню, на мяжы страты кнігарня “Логвінаў”, але нашымі намаганнямі, нашымі высілкамі мы можам захаваць яе.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
У кнігу ўвайшлі 2 аповесці – „Стах” і „Пуціна”. Яны ўжо выдаваліся раней. Але, па словах Барыса Пятровіча, прайшлі нібыта незаўважанымі. Калі ж ён зараз перагледзеў іх, то падалося, што творы актуальныя і сёння.
На прэзентацыі кнігі выступілі беларускія пісьменнікі, журналісты, музыканты. Сярод іх былі Сяргей Законнікаў, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Алесь Пашкевіч, Сяргей Дубавец, Алесь Камоцкі і іншыя.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота Алены Казловай
