Баскі: старонкі адукацыі і культуры



Яшчэ у 50-я гады 20 стагоддзя, у час Франка, была  адкрыта першая у Іспаніі кафедра баскскай мовы і літаратуры ў Саламанкскім універсітэце. Адбылося гэта дзякуючы лінгвісту (спецыяліст па палеіберыйскай і баскскай мове) Антоніё Тавару (1911-1984), які прайшоўшы шлях ад палітычнага журналіста і прапагандыста дыктатара Франка (Антоніё Тавар сустракаўся і з Гітлерам) да ягонага паступовага крытыка. Пазней ён стаў рэктарам Саламанкскага універсітэту (1254 год заснавання, самы старажытны  ўніверсітэт, які разам з Балонскім, Оксфардскім і Сарбонай лічыцца ў ліку найстарэйшых ў Еўропе). Антоніё Тавар моцна крытыкаваў гіпотэзу пра роднасць бакскай і іберыйскай моваў. Дазволіў сабе ўзяць на працу сябра-дысідэнта лінгвіста Кольда Мічалена Эліссальта, які адыграў агромністую ролю ў распаўсюдзе і выкладанні  роднай баскскай мовы.

antonio-tavar

Антоніё Тавар

Тавар арганізаваў таксама пад час 700-годдзя універсітэту Саламанкі грандыёзнае шэсце ў нацыянальных строях (у часы Франка). Антоніё Тавар быў сябрам Каралеўскай акадэміі Іспаніі і Каралеўскай акадэміі баскскай мовы, ганаровым доктарам універсітэтаў Севільі, Буэнас-Айрэса, Мюнхена і Дубліна. Безумоўна,  нашчадкі добра памятаюць яго  асветніцкую дзейнасць, эвалюцыйную змену поглядаў, таму адна з вуліц у Саламанцы мае яго імя.

Кольда Мічалена Эліссальт  (ісп. Луіс Мічалена, 1915-1987 ) – лінгвіст баскскага паходжання, які ўніфікаваў літаратурную мову баскаў Euskara batua і даказаў паходжанне мовы ад аквітанскай. Выкладаў на кафедры філалогіі Універсітэта Краіны Баскаў. Быў сябрам Каралеўскай акадэміі баскскай мовы, утворанай у 1919 г. Нашчадкі таксама захавалі добрую памяць пра свайго былога дысідэнта, патрыёта, асветніка. Яго імя застанецца назаўсёды ў памяці людзей  і сучаснай тапаніміцы Краіны Баскаў.

koldo_mitxelena-2

Кольда Мічалена Эліссальт

З больш даўняй гісторыі варта згадаць, што баскамі былі таксама заснавальнікі магутнейшага ордэна езуітаў Ігнаці дэ Лаёл і Францыск Ксаверы. Іх звычайна называюць іспанцамі, але гэта не так. Яны з’явіліся ў цяжкі час для каталіцкай царквы (ішла Рэфармацыя) і заснавалі магутнейшы ордэн, які  пазней даваў  людзям сама лепшую  адукацыю. З езуіцкага ордэна “выйшаў” і сённяшні рымскі Папа Францыск.

franciscus_de_xabier

Святы Францыск Ксаверы

Святога Ксаверыя лічаць самым паспяховым місіянерам у свеце пасля апостала Паўла. Ён мог  лёгка пераканаць суразмоўцу, сказаць ласкавае слова, знайсці найлепшыя доказы ў спрэчных пытаннях. Для гэтага патрэбна было валодаць не толькі агульнымі ведамі, але і вучыць мовы тых народаў, да якіх ехалі місіянеры. Езуіты і Святы Ксаверы ў прыватнасці, былі добра для гэтага падрыхтаваны і валодалі шматлікімі талентамі.  У індыйскім Гоа Святы Ксаверы быў пастаянным дыпламатычным прадстаўніком Папы Рымскага. Там ён і пахаваны. Тысячы паломнікаў прыязджаюць сюды ў юбілейныя гады, калі яго мошчы выносяць для агульнага агляду. Памяць пра гэтага місіянера і яго дзейнасці людзі ў розных краінах захоўваюць некалькі стагоддзяў.

У 2014 годзе споўнілася  480 гадоў з дня заснавання езуіцкага ордэна. Гэты ордэн на Беларусі  працягваў сваю дзейнасць і  ў 19 стагоддзі пасля скасавання ордэна ў другой палове 18 стагоддзя. У Гародні сёння галоўны каталіцкі храм, які разам з прылеглым кварталам некалі належаў езуіцкаму ордэну (з часоў панавання расейскай імперыі там да сёння знаходзіцца турма), быў высвечаны ў 1705 годзе ў імя Святога Францыска Ксаверыя. На ўрачыстасць да караля і Вялікага князя ВКЛ Аўгуста ІІ прыехаў расейскі цар Пётр І, які, быццам бы таксама з усімі стаў у храме на калені (можа адчуваў віну за забойства ў Полацкім храме беларускіх  святароў?). Езуіцкі касцёл лічыўся адным з прыгажэйшых каталіцкіх храмаў у Рэчы Паспалітай. Роспісы ў храме паказваюць геаграфію місіянерства Святога Францыска Ксаверыя. Працуючы гадзіннік на вежы  касцёла нашмат  старэйшы за лонданскую звонавую вежу Біг-Бэн і адзін з сама старых ў былым СССР, як і аптэка-музей каля храма.

Баскі вылучаюцца не толькі сваім характарам, але яны большыя працаголікі, чым іспанцы-кастыльцы, якіх яны называюць гультаямі. Лічыцца, што баскі далі свету бадай самы дэмакратычны галаўны ўбор – берэт.

tancy-baskau

Унікальныя песні і танцы – важнейшая частка народнай культуры Краіны Баскаў. Для кожнай баскскай правінцыі характэрны свой тып танца. Для Краіны Баскаў характэрны асіметрычна-будаўнічы стыль архітэктуры, можна прыгадаць знакаміты музей Гугенхайма, свае “Канны” – кінафестываль у Сан-Себасцьяне. У розных крыніцах таксама да баскаў адносяць рэвалюцыянерку Далорэс Ібаруры, футбаліста Хабі Алонса, куцюр’е Пака Рабана.

У кожным разе унёсак у сусветную культуру баскаў дастаткова значны.

Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя