„Басовішча 2019”: дзень першы (абноўлена)



Конкурсам маладых гуртоў і выступамі зорак беларускай і польскай музычнай сцэны адзначыўся першы дзень „Басовішча 2019”. Пра тое, чым будзе адметны чарговы, другі дзень фестывалю, апавядае адна з арганізатараў Лідзія Пякарска:

– У суботу а 12:00 адбудзецца паказ фільмаў пра беларусаў на Беласточчыне, пра „Басовішча”. На „Басмежжы” будзе беларуская інтэлектуальная гульня. Самая важная для мяне падзея – гэта дыскусія пад назвай „Дыхаць чыстым паветрам. Гісторыя Басовішча”, якая адбудзецца а 17:00. Яе будзе весці Мікола Ваўранюк з Лявонам Вольскім, Ілона Карпюк, Лявон Тарасевіч, Віталь Зыблюк і я. Будзем гаварыць пра „Басовішча”, пра тое, як яно ўзнікала, як яно выглядае цяпер, якой беларуская музычная сцэна была калісьці, а як выглядае цяпер. Варта паглядзець і паслухаць, чым было „Басовішча” для ўсіх гэтых людзей.

Таксама ў другі дзень фестывалю будуць падведзены вынікі і абвешчаны пераможца конкурса маладых гуртоў. А 19-й гадзіне працягнецца канцэрт зорак беларускай і польскай рок-сцэны, а таксама выступ пераможцы конкурса.

Канцэрт першага дня фэсту завяршыў гурт Znich.

Гурт Znich утварыўся ў Менску ў 1996 годзе. Лідар гурта – Алесь Таболіч. Пачаткова музыкі жадалі граць фолк у цяжкай інтэрпрэтацыі, жадалі паказаць беларускія музычныя нацыянальныя карані ў цяжкім варыянце. Але з часам музыка гурта стала больш разнастайная, стала несці большы філасофскі падтэкст.

На сцэне „Басовішча” адзін з хэдлайнераў гэтага канцэрту – гурт Re1ikt.

Re1ikt – каманда, якая гарманічна спалучае моцную энергетыку з арыгінальным гучаннем. Па сваёй стылістыцы гурт блізкі да такіх кірункаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Аднак сучасныя музычныя плыні Re1ikt спалучае з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. На рахунку у Re1ikt – 5 студыйных альбомаў.

Наступны сэт адыграе варшаўскі гурт Żywiołak.

Żywiołak – польскі гурт, які стварае народную музыку. Група была заснавана ў 2005 годзе. У красавіку 2006 года гурт выйграў Гран-пры на фестывалі народнай музыкі Польскага радыё „Nowa Tradycja”. 

На сцэне „Басовішча” чарговы гурт – Bez.Not.

Гурт Bez.Not уціснуўся на тую маленькую выспачку інтэлектуальнага рэгі, дзе ўжо колькі гадоў каралямі пачуваецца гурт „Аддис Абеба”. І падобна да таго, што ён прыйшоў усур’ёз і надоўга.

Журы „Басовішча” аб’явіла вынік конкурсу. Пераможцамі названы два гурты – Iuty Sakavik і Harmonix College.

Наступны сэт – за гуртом Ilo&friends.

Гурт Ilo&friends утварыўся ў 2005 годзе ў Беластоку. Вакалістка каманды – Ілона Карпюк. На музыку гурт кладзе вершы знакамітых беларускіх паэтаў: Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Анатоля Сыса.

Гурт неаднаразова браў удзел у фэстах „Бардаўская восень” і „Басовішча”. Мае тры альбомы: „Па дарозе” (2007), „Сланечнікі” (2010), “Кола” (2015), песні з якіх траплялі ў лік найлепшых беларускіх хітоў году паводле версіі парталу Tuzin.fm у 2008 і 2011 годзе.

Пачалася асноўная канцэртная праграма, якую адкрыла легенда беларускай рок-музыкі „Крама”

Гурт узнагароджаны першай вялікай рок-каронай на «Рок-каранацыі’94». Атрымліваў малыя рок-кароны ў намінацыях «За вернасьць жанру» (1995), «Традыцыі ды сучаснасьць» (1999), «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца» (2004—2005).

Войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша — сярод тых, хто не верыць у канец гісторыі фестывалю „Басовішча”. Ён заявіў, што мясцовасць ведаюць у многім дзякуючы фестывалю, самаўрад імкнецца дапамагаць у арганізацыі. Кажа Веслаў Кулеша:

– Я заўсёды прыходзіў, каб хоць трохі тут пабыць. Гэта вельмі добрая рэклама, гміна Гарадок пазнавальная за мяжой і ў Польшчы дзякуючы гэтаму фестывалю. Калі я кажу пра Гарадок, то ў мяне пытаюць: „Ці гэта той Гарадок, дзе адбываецца „Басовішча”?”. Мы стараемся развіваць гэтыя імпрэзы і прымаць удзел у арганізацыі.

Веслаў Кулеша лічыць, што фестываль, які пачынаўся са звычайнай драўлянай сцэны, у выніку вырас у месца сапраўднага росту маладых беларускіх гуртоў, якія менавіта ў Гарадку станавіліся знакамітымі.

Выступам гурта BarRokka закончылася конкурсная праграма.

Гурт BarRokka ужо ў другі раз выступаў у конкурсе маладых выканаўцаў на „Басовішчы”. Цяпер калектыў, які грае ў стылях барока-поп, барока-рок зноў прыдбаў нямала новых слухачоў.

Вакалістка BarRokka Лізавета Леўчык параўнала фестываль два гады таму, калі гурт выступіў у Гарадку ўпершыню, з цяперашнім:

– З аднаго боку, усё тое ж, як было два гады таму, з другога, крышачку па-іншаму. Усё ж такі гэта апошяе „Басовішча”, ёсць нейкае хваляванне. Вось наш самы лепшы і гатовы склад, які быў за апошнія некалькі год. Ёсць праграма, мы з ёй пачалі выступаць літаральна на мінулым тыдні ўжо сабралі. Прагучалі песні з новай праграмы, плануем па магчымасці неяк гэта выпускаць – нейкі самотнік ці нейкі кліп. 

BarRokka – гурт, які быў заснаваны ў снежні 2015 года Лізаветай Леўчык. У склад уваходзяць такія інструменты, як фартэпіана, скрыпка, баян, кантрабас і бубны. У сваёй творчасці гурт схіляецца да тангавага гучання, з уласцівым стылю запалам і драматызмам. Але песні BarRokka не абмежаваны толькі гэтым і можна пачуць і іншыя стылі. 

Наступны гурт, які ўзняўся на сцэну „Басовішча”, – Paulinn.

У 2017 годзе гурт Паўліны Цімохінай Paulinn выпусціў першы лірычны поп-рокавы альбом «Адчувай».

Першыя гады дзяцінства Паўліны Цімохінай прайшлі ў Гародні.  У 1995 годзе яе сям’я пераехала ў Менск, а ў 1997-м Паўліна пайшла ў музычную школу. Так пачалася яе музычная кар’ера.

Наступны сэт – за дуэтам Iuty Sakavik.

Сёлета ў конкурсе маладых гуртоў на фестывалі „Басовішча” не адзін, а два пераможцы. Імі сталі гурты Luty Sakavik ды Harmonix College. Пра тое, як падзяліліся меркаванні сябраў журы, гаворыць музычны журналіст Віктар Сямашка:

– Усе гурты адрозніваліся, гэта адзначылі сябры журы, што гурты вельмі розныя. Вельмі цяжка было з іх выбраць, таму давялося выбраць два. Меркаванні журы падзяліліся роўна на палову, мы нават правялі такое галасаванне, дзе кожны набраў аднолькавую колькасць балаў – гэта Luty Sakavik ды Harmonix College.

Luty Sakavik — гурт з Менску, праект Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча. Harmonix College — пост-рок калектыў з Рагачова.

Iuty Sakavik – гэта чарговы праект Уладзі Лянкевіча, які вядомы па ранейшым праекце TonqiXod. Iuty Sakavik быў заснаваны ў 2019 годзе ў Менску. Гэтым разам ён складаецца з двух музыкаў – уласна Уладзі Лянкевіча і Эрыка Арлова-Шымкуса. Дуэт ужо запісаў свой дэбютны EP „Soram”. «Soram» — гэта сінці-поп, пост-панк і танцавальная электроніка ў сучасным прачытанні.

Наступны выступоўца – гурт Harmonix College.

Harmonix College – самабытны гурт, які выконвае instrumental rock. Гурт паўстаў у Рагачове, але зараз базуецца ў Менску. З найноўшых навінаў гурта – перамога ў прэстыжным фестывалі Emergenza.

На фестывалі „Басовішча” традыцыйна працуе зона „БАСмежжа”, дзе кожны ахвотны можа набыць сувеніры. Аднымі з першых на Падляшша прыбылі гандляры і вытворцы сувеніраў з Віцебскай вобласці. Майстрыца Аляксандра Звездзянкова распавяла нам, што частку сувеніраў, якія ёсць у продажы, яна робіць на вачах гасцей:

– Мы прывезлі нашы ўпрыгожванні, упрыгожванні нашых сяброў. Раніцай паспела нарабіць бранзалецікаў з арнаментамі, з Пагоняй. Калі людзі бачаць, як я гэта раблю, бо я раблю гэта ўвесь час, у іх больш цікавасці, бо яны бачаць колькі працы ў гэта ўкладзена.

На фестывалі „Басовішча” можна прыдбаць кашулькі з афіцыйнай сімволікай фестывалю, сувеніры з беларускай нацыянальнай сімволікай, торбы ды многае іншае. 

***

ATESTA – незвычайны гурт. Яго складаюць вядомыя музыкі. Але вакалістка ў гэтых монстраў року 14-гадовая Ульяна Паўловіч, дачка гітарыста гурта Аляксея Паўловіча (экс-удзельнік «Новае неба», Ulis, Tornado). Сярод іншых музыкаў гурта – Макс Івашын (клавішы, экс Neuro Dubel), Дзіма Бармалей (бубны), Сяргей Надзежкін (экс Tornado). Пабачым, як гэта будзе выглядаць на сцэне „Басоў”.

На канцэртнай пляцоўцы ў Барыку пачаліся так званыя саўнд-чэкі музыкаў, якія выступяць на „Басовішчы 2019”. Арганізатары скончваюць апошнія падрыхтоўчыя працы. Пра тое, чым адметны сёлетні фестываль, апавядае адна з арганізатараў Лідзія Пякарска:

– Па-першае будзе апошнім „Басовішчам”, будзе больш гуртоў, чым было ў мінулыя гады, калі маё пакаленне пачало арганізоўваць „Басовішча”. Мы заўсёды спрабавалі прыўнесці нешта новае ў „Басовішча”, напрыклад, музыку з балканскіх краін. Сёлета вырашылі аддаць сцэну толькі беларускім гуртам.

„Таксама мы арганізавалі больш дадатковых мерапрыемстваў, якія можна будзе пабачыць ужо ў бліжэйшую суботу”, – падсумавала Лідзія Пякарска.

***

Хутка пачнецца 30-ты, юбілейны, фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча 2019”.

Адкрые канцэртную праграму ў Барыку конкурс маладых гуртоў і першым з іх на сцэну выйдзе ATESTA. Кажа клавішнік згаданага гурта Максім Івашын:

-“Басовішча”  для нас, музыкаў, заўжды было непараўнальнай нагодай выступіць на сапраўды еўрапейскай сцэне, у еўрапейскіх умовах. І мне вельмі цёпла, што ў пэўныя моманты, гэта тычыцца „Басовішча” пачатку 2000-х гадоў, фестываль стаў месцам спаткання Захаду і Усходу, – ужо прабачце за такую банальнасць. Гэтаму сведкі файныя, вядомыя польскія і не толькі гурты, якія тут выступалі. Але вось атрымалася так, як атрымалася.

На юбілейнае, 30-е «Басовішча» прыехалі і людзі, якія не планавалі быць у Гарадку ў гэтыя дні. Да такіх адносіцца і валанцёрка фестывалю Аляксандра Ільюкевіч. Дзяўчына большасць жыцця правяла ў Нямеччыне, і толькі мінулы год пражыла ў Беларусі, у Гародні. На «Басовішча» сёлета Аляксандра прыязджаць не планавала, але пэўныя абставіны прымусілі яе тэрмінова прыехаць на Падляшша на фестываль.

– Я ўжо вярнулася ў Нямеччыну пасля Гародні. Прабыла там восем месяцаў. І ў мяне ўжо быў кантракт на працу на ліпень. Але калі я пачула, што гэта апошняе “Басовішча”, я вырашыла, што праца будзе кожны год, а тут не зразумела, ці будзе яшчэ “Басовішча”. Было б шкада прапусціць. Таму я вырашыла кантракт закрыць і прыехаць на «Басовішча».

Калі летась Аляксандра прызнавалася, што ведае мала беларускіх гуртоў, дык цяпер за год стала добра разбірацца ў беларускай музыцы.

Уладзімір Рамановіч з Віцебшчыны прыехаў на фестываль упершыню, на ім ён будзе не толькі госцем і слухачом, але і прадаўцом беларускіх сувеніраў. Ужо ў першы дзень ён пазнаёміўся з жыхаркай Гарадка, у доме якой спыняюцца музыкі, якія прыязджаюць на фестываль. І быў уражаны, наколькі яна абазнаная ў беларускай музыцы.

– Трапілі ў домік для музыкаў, дзе яны ночаць. Папрасілі літаральна гадзінку папрацаваць. І мы паразмаўлялі з гаспадыняй гэтага дому. Яна мажліва пра нашых беларускіх музыкаў, якія ўдзельнічалі ў “Басах”, ведае больш, чым ведаюць беларусы. Як яна пазітыўна ставіцца да таго, што адбываецца. Я кажу, ну дык тут жа сцены трасуцца, і вам напэўна музыка перашкаджае. Яна адказвае: не, два дні можна пацярпець, але няхай моладзь збярэцца. Музыкі лепш, чым тыя будаўнікі.

Пачатак канцэртнай праграмы ў 17:30 па-польскім часе. Сярод выступоўцаў Крама, Ilo&friends, Relikt, Znicz, Dzieciuki, NaviBand, Лявон Вольскі, B:N ды іншыя. Арганізатары прыгатавалі таксама цікавыя спадарожныя мерапрыемствы, галоўныя з якіх пройдуць у суботу. Фестываль будзе доўжыцца два дні. 

Прамая трансляцыя з „Басовішча-2019” на хвалях FM толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета чарговы ўжо раз будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна паглядзець на сайце racyja.com. У пятніцу (19 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 18:30 паводле беларускага часу (17:30 паводле польскага), у суботу (20 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 20:00 паводле беларускага часу (19:00 паводле польскага) і працягнецца да выступу апошняга гурта.

Сёлетняе „Басовішча”, па-словах арганізатараў, можа стаць апошнім.

Беларускае Радыё Рацыя, Гарадок