„Басовішча 2019”: дзень другі (абноўлена)
Ва ўрочышчы Барык у Гарадку на Падляшшы скончылася юбілейнае 30-е апошняе „Басовішча”. У поўнае знікненне любімага фестывалю не хочуць верыць многія музыкі і сталыя госці.
У апошнія гады арганізатары фестывалю „Басовішча” неаднаразова сутыкаліся з крытыкай. Асобна даставалася якасці гуку на фестывалі і ўзроўню арганізацыі. З гэтым не згодны музычны журналіст Віктар Сямашка. За апошнія гады ён убачыў вялікі прагрэс фестывалю:
– Прагрэс проста каласальны. Я толькі нядаўна пабачыў сцэну на якой адбывалася самае першае „Басовішча” у 1989 годзе. Бачыў фотаздымак, вясковая маленечкая сцэна. Потым з’явілася бетонная, а пасля над бетоннай сталі ставіць вось такую часовую сцэну. Безумоўна многія беларускія фэсты пазайздросцяць такому тэхнічнаму забеспячэнню, тут выдатны гук. У параўнанні з беларускімі выступамі я выдатна разабраў усе словы.
Па словах Віктара Сямашкі, калі ён сутыкаецца з падобнай крытыкай „Басовішча”, то не разумее пра што гаворка. Нягледзячы на з’яўленне шэрагу фестываляў у самой Беларусі, мала з іх можна параўнаць з „Басовішчам” па якасці гуку і беларускасці.
Марыя Лукашук з Менску шмат разоў прыязджала на „Басовішча”, зрабіла яна гэта і цяпер. Фанатка фестывалю верыць у тое, што „Басовішча” мае будучыню:
– Шчыра кажучы думаю, што гэта эмацыйнае рашэнне, якое прынялі арганізатары. Я чытала артыкулы наконт прычынаў, чаму гэта адбылося. Маё асабістае меркаванне, што можа быць некалькі год сапраўды не будзе „Басовішча”, але потым плыня фанатаў, якія прыязджаць кожны год, для якіх гэта ўжо не столькі пра маладую беларускую музыку, а пра сустрэчы з сябрамі, якіх ты бачыш раз на год.
Уласны сэнс бачыць у фестывалі і жыхар Варшавы Рафал, які паходзіць з Пулаваў:
– Сэнс „Басовішча” у тым, што тут сустракаюцца людзі пад бел-чырвона-белымі, жоўта-блакітнымі, бела-чырвонымі, не хапае татараў, літоўцаў і яшчэ некалькіх нацый. Для мяне сэнс у рэалізацыі пэўнага забытага культурнага праекта, не блытаць з палітычным, які не атрымаўся, а менавіта супольнай Рэчы Паспалітай. Калі я гляджу на „Басовішча” праз гэту прызму, то мне яно можа толькі падабацца.
Завяршылася 30-е „Басовішча” выступам гурта „Дзецюкі”, а пасля на сцэну выйшлі арганізатары і падзякавалі ўсім гасцям за тое, што шмат гадоў былі разам.
Напрыканцы канцэрта арганізатары фэсту разам з гуртом :B:N: і з усімі гледачамі „Басовішча” выканалі песню на словы Міхала Анемпадыстава „Простыя словы”.
Завершыць канцэрт другога дня гарадзенскі гурт Dzieciuki.
Dzieciuki – беларускі фолк-панк гурт, заснаваны ў 2012 годзе ў Гародні. Выконвае песні на беларускай мове ў асноўным на гістарычную тэматыку. Па выніках 2014 года атрымаў прэмію «Героі года» ад музычнага парталу «Тузін Гітоў». Каманда была ўтворана ўдзельнікамі гарадзенскіх гуртоў „Кальян” і „Людзі на балоце”.
Наступны сэт адыграе :B:N:
Рок-гурт заснаваны ў 1999 у Бярозе, што на Берасцейшчыне. Пераможцы фэсту „Рок-Кола-2001” у намінацыі „Найлепшая лірычная песня”, лаўрэаты фестываля „Басовішча-2002”. Актыўна выступаюць у Польшчы. Маюць пяць альбомаў: „Не трывай” (2003), „Жыве рок-н-рол” (2006), „Крок за крокам” (2012), „Шукай сваё” (2015), „#коджыцця” (2018). Лідар гурта Алесь Лютыч.
І нарэшце асноўны хэдлайнер „Басовішча 2019” – гурт Volski з Лявонам Вольскім на чале.
У дыскаграфіі гурта альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016), «Гравiтацыя» (2019). У рэпертуары – увесь бэк-каталог лепшых песень калектываў з удзелам Лявона Вольскага.
Наступны сэт – за гуртом NAVIBAND.
Папулярны беларускі фолк-рок-гурт NAVIBAND з’явіўся ў 2013 годзе ў Менску. У яго складзе – вакалісты-музыкі Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, якія з’яўляюцца тварам калектыву. У рэпертуары гурта большую частку складаюць кампазіцыі на беларускай мове.
SnopSnoŭ – беларускі гурт, які ў сваім гучанні спалучае мноства стыляў, ад нью-вэйву і індзі-року да сучаснай электронікі. Намінанты на „Адкрыццё году” прэміі „Героі году-2016” партала TuzinFM. Пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў фестываля Basowiszcza-2018.
Беластоцкі гурт Kreha быў створаны восенню 2016 года па ініцыятыве Krzyśka Szubzdy, які заўсёды марыў пра панк-гаражную групу, якая разбурыць сістэму.
На сцэне „Басоў” другі лаўрэат конкурсу маладых гуртоў „Басовішча 2019” – дуэт Iuty Sakavik.
Традыцыйна другі дзень фестывалю „Басовішча” пачынаецца выступам лаўрэата конкурсу маладых гуртоў, які праходзіць у першы дзень. Учора журы конкурсу паведаміла, што сёлета маем два лаўрэаты – Iuty Sakavik і Harmonix College. Выступам якіх і пачынаецца другі дзень „Басоў”. Першым грае Harmonix College.
Фотарэпартаж пра іншыя мерапрыемствы на „Басовішчы-2019”.
Вядомы мастак Лявон Тарасевіч, які неад’емна звязаны з фестывалем „Басовішча”, мяркуе, што фестываль мусіць несці пратэст, і гэта вельмі ўласціва такой музыцы як рок, якая была асноўнай на фестывалі. Мастак бачыць змены ў пратэстным характары „Басовішча”:
– Рок-музыкай займаюцца людзі, якія пратэстуюць, якія хочуць будаваць будучыню. Калі людзі хочуць прыехаць і толькі паслухаць, пагойдацца, то няхай ездзяць на фестывалі, якія арганізуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства.
Лявон Тарасевіч кажа, што павінны знайсціся людзі, гатовыя падхапіць ідэю правядзення фестывалю. Але найперш неабходна сабрацца і пагутарыць, як і што рабіць далей. І не адмаўляцца ад рокавага накірунку. Толькі так можна працягнуць традыцыі „Басовішча”.
Паездка на „Басовішча” разам з музыкамі заўсёды запамінальная, яна ўжо з’яўляецца часткай атмасферы. Тут і песні, і спевы, але жадаючым выспацца будзе не так проста. Кажа вядомы прадавец беларускіх сувеніраў Уладзімір Рамановіч, які на фестываль прыехаў упершыню:
– Уявіце сабе, што калі вы едзеце ў рэйсавым аўтобусе, то ў вас ёсць нейкі шанец трошкі кімарнуць, паспаць. Але калі вы едзеце з музыкамі, то як паказвае досвед, палова аўтобуса, якая далей ад кіроўцы, яна такая гучная, там нейкія спевы могуць быць. Другая палова, якая бліжэй да кіроўцы, спрабуе паспаць. Кажу: „Слухайце, можа трошкі цішэй”. Зразумела, што мы хацелі, каб і VIP-музыкі кшталту Вольскага ехалі ў агульным аўтобусе. Але мы разумеем, што гэта трошкі іншы ўзровень, там і адпачыць трэба, статус і гэтак далей. Але ў прынцыпе нам прыемна, што ўсе людзі адэкватныя. Радыя, што дабраліся даехалі, але наступным разам „сваім ходам”.
Уладзімір Рамановіч адзначыў, што было нямала жадаючых набыць сувеніры, як сярод палякаў, так і беларусаў, якія раней ужо набывалі ўпрыгожанні ў яго краме.
На сцэне ў Барыку, дзе праходзіць 30-ты фестываль „Басовішча 2019”, пачаліся так званыя саўндчэкі музыкаў.
У другі дзень мерапрыемства заспяваюць Navi Band, VOLSKi, :B:N:, DZIECIUKI і іншыя. Кажа лідар DZIECIUKоў Алесь Дзянісаў, які адразу па прыездзе пачаў рыхтавацца да свайго саўндчэку:
– У мяне падвойнае пачуццё. Бо, з аднаго боку, калі гэта сапраўды развал, то гэта вялікая страта. Таму што ніводзін фестываль на тэрыторыі Беларусі на дадзены момант усё ж такі не дае магчымасці правесці яго без нейкай унутранай цэнзуры. Бо, як паказвае практыка на нашым прыкладзе, усе вялікія фестывалі нас баяцца. І ніхто нас не запрашае.
30-е, юбілейнае „Басовішча 2019”, па-словах арганізатараў, стане апошнім. Пераважная большасць наведвальнікаў і музыкаў, якія чакаюць пачатку вечаровага канцэрту, спадзяюцца на тое, што штогадовая музычная падзея ўсё ж будзе мець працяг.
* * *
Пачаўся другі дзень фестывалю „Басовішча 2019”. Жыхары намётавага гарадка рыхтуюцца да вечаровай канцэртнай праграмы, а некаторыя з іх наведваюць зону „Басмежжа”.
Сярод іх і Андрэй Саротнік, для якога гэта ўжо 16-ы па ліку фестываль і які спадзяецца на тое, што ён не апошні:
– Я ў гэта не зусім веру. Мне здаецца, што проста было цяжка ўсё гэта арганізоўваць, цяжка шукаць грошы. Але калі яны іх знайшлі, правядуць фэст і пабачаць як гэта крута, то ім будзе проста шкада сваёй працы і шкада страціць тыя эмоцыі, якія атрымліваеш ад добра зробленай працы і ад той атмасферы, якая ёсць на “Басовішчы”. Гэта ж нельга згубіць такое, гэта ж вандалізм!
На „Басмежжы” наведвальнікам прапануюць кінапрагляд і інтэлектуальную гульню. У вечары ж, а 19-й пачнецца канцэрт рок-зорак. Паўторна заспяваюць і пераможцы сёлетняга „Басовішча” гурты LIUTY SAKAVIK і HARMONICS GOLLEDGE.
Беларускае Радыё Рацыя