„Басовішча” адбудзецца ў Менску
19 лютага ў клубе „Ілі” пройдзе 10-гадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фестывалю, пераможцаў мінулых год і гасцей з Польшчы. Як і на самое „Басовішча”, уваход будзе вольным!
22 і 23 ліпеня 2016 года ў польскім Гарадку адбудзецца 27-мы па ліку фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”. Аднак, яго арганізатары з Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы пры падтрымцы парталу Tuzin.fm вырашылі распачаць дзею яшчэ узімку ў Менску. „Фестываль ладзяць супольна беларусы і палякі, таму мы радыя, што атрымаецца ўрэшце правесці конкурсную частку ў Менску ды хоць у нейкай ступені пазнаёміць з фестывалем тых, хто яшчэ на ім не быў. І, вядома ж, прыгадаць найлепшыя моманты разам з тымі, хто ўжо ездзіў да нас”, – кажа старшыня БАСу Ганна Пякарская.
У паўфінальным конкурсе „Адборышча” возьме ўдзел 10 гуртоў, папярэдне абраныя журы з 35 заяваў. Па выніку іх выступаў назавуць 4 каманды, якія возьмуць удзел улетку ў фінале конкурсу на самім „Басовішчы”. Таксама запланаваныя адмысловыя сэты гасцей – пераможцаў „Басовішча-2015” гуртоў TonqiXod і Navi, а таксама гурта Akute (пераможцы фэсту ў 2010 годзе) ды беларускамоўнага гурта з Беластоку Ilo&Friends на чале з шматгадовай арганізатаркай фэсту Ілонай Карпюк. У дадатак абяцаецца начны танцавальны сэт праекту Warsaw Balkan Madness (PL), які грунтуецца на рытмах музыкі Паўднёва-Ўсходняй Еўропы.
Канцэрт пройдзе ў новым мінскім клубе „Ілі”, які знаходзіцца па адрасе: праспект Незалежнасьці 131, корпус 1 (будынак насупраць Нацыянальнай бібліятэкі). Пачатак у 16.00 – і да самай ночы. Уваход – вольны.
„Басовішча” – найстарэйшы беларускі музычны фестываль, які праводзіцца з 1990 года. Цяпер яго ладзяць дзеці тых беларусаў Польшчы, якія калісці распачыналі рух. У розныя гады у конкурсе маладых гуртоў тут перамагалі „Мясцовы час”, „КальЯн”, Deviation, Znich, Rima, Partyzone, Zero-85, :B:N:, Sciana, IQ48, Indiga, Tarpach, Mauzer, Nevma, „Глюкі”, Akute ды іншыя.