Батлеечны нон-стоп



У Менску адбываецца батлеечны нон-стоп. Цягам усяго гэтага тыдня ў беларускай сталіцы праходзіць ІІ Міжнародны фестываль батлейкі і лялечных тэатраў “Нябёсы”.

batleyka_09012015_tutby_brush_phsl_img_17

Асноўным арганізатарам фестывалю выступае праваслаўны Свята-Елісавецінскі манастыр. “Батлейка – гэта бяскрайняе поле для творчай фантазіі,” – так лічыць вядомы наваполацкі батлеечнік, кіраўнік лялечнага тэатра “Капялюш” Андрэй Рэцікаў. На фестывалі тэатр прэзентаваў незвычайную батлейку, якая пабудаваная па прынцыпе ценявога спектакля:

– Гэта адзін з відаў батлейкі, які існаваў менавіта на Віцебшчыне. Ён пабудаваны па прынцыпе ценявога тэатру. Ён як трохкупальная царква і ў гэтых трох аддзелах стаяць кружэлкі, запальваюцца свечкі, і ад іхнага цяпла кружэлкі круцяцца, і на экране адбіваюцца фігуры.

Сёлета ў фэстывалі батлейкі і лялечных тэатраў “Нябёсы” прынялі ўдзел 12 калектываў з Беларусі і чатыры калектывы з Расеі. Арганізатары абяцаюць надалей пашыраць геаграфію фестывалю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by