Батлейка гурта “Стары Ольса”
Гурт “Стары Ольса”, лідар сярэднявечнай музыкі Беларусі, паставіў спектакль у жанры батлейкі ў стылі Рэнесанса. У аснову лягла беларуская версія 16 стагоддзя аповесці пра Трыстана і Ізольду.
Рэстаўрацыя традыцый, жывая музыка на старадаўніх інструментах і знакамітыя музыкі ў новай ролі!
Батлейка — народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст., а ўзнікненне звязана з каляднымі святамі. На тэрыторыю Беларусі батлейка трапіла з Польшчы і Украіны і атрымала распаўсюд з XVI стагоддзя. Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным, а ў рэпертуар стала ўвайшлі свецкія спектаклі.
Ініцыятыва стварэння батлейкі гурта “Стары Ольса” належыць яго заснавальніку і дудару Змітру Сасноўскаму. Гэта даўняя мара – аднавіць старадаўні варыянт батлейкі са спектаклем на сярэднявечны сюжэт, з жывой музыкай і інтэрмедыямі. Працу пачалі яшчэ ў канцы 2018 году.
У якасці тэатральнай скрыні выкарыстана старая шафа 30-х гадоў, якая аздоблена элементамі ў стылі Віленскага барока. Сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Зміцер Сасноўскі. Над лялькамі працавалі майстар па гістарычных касцюмах Наталля Чарнышова і Аляксандра Шангіна, дэкарацыі стваралі мастакі Яўгенія Валента, Вольга Верашчака і Арсеній Кацэла. Акторы і музыкі – гурт “Стары Ольса”. Адметнасць і ўнікальнасць батлейкі гурта – жывое музычнае суправаджэнне ўсяго спектакля на старадаўніх інструментах. Музыкі выкарыстоўваюць максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, ребек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.
Спектакль грунтуецца на беларускім варыянце аповесці пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду – “Аповесці пра Трышчана”. Гэта помнік беларускай культуры XVI стагоддзя, які збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку. “Аповесць пра Трышчана” — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў 2-й палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы. Ён вылучаецца творчым падыходам да тэксту і багаццем беларускай літаратурнай мовы таго часу.
Прэм’ерныя паказы адбудуцца ў час вясновых школьных канікул. Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да старадаўняй культуры.
Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (тэатральная зала), Менск, вул. Кірава, 16
30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка. Сеансы: 11:00, 13:00, 15:00.
Квіткі: 12-15 р., kvitki.by.
Паводле прэс-рэлізу