Батлейка на Смаргоншчыне
Батлейку на Смаргоншчыне пачалі адраджаць у 1980-х Яўгенія Ліс і Алесь Лось. Яны ж 35 гадоў таму стварылі першы тэатр лялек «Батлейка» ў вёсцы Зарудзічы – зусім побач з маёнткам Міхала Клеафаса Агінскага. Ці існавалі батлеечныя традыцыі на Смаргоншчыне яшчэ за польскім часам, у 1930-х?
Падчас юбілейнай імпрэзы ў залескім Доме культуры распавядае Алесь Лось.
Алесь Лось са сваімі лялькамі. Залессе, 2018 г.
– Мы з Жэняй – амбітныя маладыя мастакі! Захапіліся батлейкай яшчэ ў студэнцтве – увесь Менск гудзеў ад батлейкі! Потым пераехалі ў Зарудзічы. Вёска напачатку не разумела нас і не хацела прымаць… Маўляў, што вы робіце тут, маючы кватэру ў сталіцы?! Мы ж гарэлі справай, мелі на мэце адраджаць батлеечныя традыцыі і ствараць музей батлейкі ў кальвінскім зборы Смаргоні (у той час там быў нейкі склад…)
Яўгіня Ліс і Алесь Лось з дзіцячай трупай народнага тэатра ''Батлейка'' з Залесся ў парку М.К.Агінскага, 1986 г.
На ровары і пехатой я аб’ездзіў, абышоў усю Смаргоншчыну, вывучаючы гісторыю батлейкі… Ці была яна тут? Дзе? Аднойчы сядзеў у смаргонскім парку за касцёлам і зачапіў пажылога дзядка, які пакурваў папяроску… І ён распавёў мне, што была тут батлейка, “Бэтлеем” быў да вайны! І вёска Клідзеняты, напрыклад, абшывала батлейшчыкаў (20 артыстаў!) смаргонскіх, якія хадзілі з калядой, паказвалі сцэнкі з царом Ірадам, чортам, саладатам…
І яшчэ цікавая гісторыя, ужо з вёскі Зарудзічы. Аказваецца сюды ў 1930-х гадах таксама завітваў батлейшчык з медзьведзяняткам і лялькамі. Са скрынкай за спінай. Паказваў “Шпянькі” – тую ж батлейку з царом Ірадам і чортам! Пасярэдзіне вёскі была вялікая габрэйская карчма… Дык вось батлейшчык навязваў мядзведзя за плот і ішоў у карчму… А потым доўга шукаў па Зарудзічах і лялек (іх разбіралі па хатах дзеці!), і мядзведзіка, які лётаў з калком ад плоту па вёсцы, пужаючы людзей. 1932-33 гг.
Выступ нашай "Батлейкі" ў Смаргоні на кірмашы, кастрычнік 1983 г.
Дарослая трупа тэатра ''Батлейка'' з выбітным скрыпачом Антонам Адольфавічам Высоцкім, 1986 г.
Лялькі
Спадар Алесь зайграў польку паспаліту, пачутую ім больш за 30 гадоў таму ад таленавітага самадзейнага скрыпача з вёскі Пярэбнавічы Смаргонскага раёна Антона Адольфавіча Высоцкага – таксама ўдзельніка народнага тэатра.
“Батлейка” адзначыла свой юбілей (35 гадоў) і працягвае працаваць у Доме культуры Залесся. Рэжысёр новай залескай “Батлейкі”– Таццяна Нясцюрына.
Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя, Смаргонскі раён
Фота з архіва Алеся Лася