Бацька беларускай археалогіі



17 лютага спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Тышкевіча. Беларускі гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі нарадзіўся ў 1806 годзе ў Лагойску (сёння цэнтр раёна пад Менскам). Паходзіў з лагойскай лініі роду Тышкевічаў. Бацька Піюс Тышкевіч быў маршалкам шляхты Барысаўскага павету, ганаровым сябрам Віленскай археалагічнай камісіі. Маці Аўгуста паходзіла з графскага роду Плятэраў. У Канстанціна былі два браты – Фларыян і Яўстах, а таксама сястра Паўліна. Акрамя Лагойску роду Тышкевічаў належаў горад Бярдычаў, што на тэрыторыі Украіны.

Канстанцін Тышкевіч навучаўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме, пасля ў Забельскім дамініканскім калегіуме. У 1828 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт. У 1828-36 гадах працаваў у Міністэрстве фінансаў у Варшаве. Калі выбухнула вызвольнае паўстанне 1830 года, не змог застацца ўбаку. 

   3 1836 года жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчанаў і сялянаў, цукровыя заводы, ткацкую фабрыку ільняных і баваўняных вырабаў, у якой ткалі паясы, абрусы, сурвэткі, ручнікі. У 1861 годзе браў удзел у працы Менскага губернскага камітэту па сялянскіх пытаннях.

Галоўным заняткам Тышкевіча стала вывучэнне помнікаў старажытнасці краю. Разам з малодшым братам Яўстахам ён раскопваў курганы, могільнікі, іншыя помнікі археалогіі. Браты значна папоўнілі свае сямейную багатую калекцыю мастацкіх твораў і бібліятэку. У 1842 годзе браты заснавалі ў Лагойску першы ў Беларусі музей старажытнасцяў, у які сабралі архіў старажытных рукапісаў, калекцыю мастацкіх твораў, унікальны збор кніг, рукапісаў, розных дакументаў. Пазней гэты музей стаў асновай для стварэння музея старажытнасцяў у Вільні. Сябра Віленскай археалагічнай камісіі Канстанцін Тышкевіч даследаваў каля 200 курганоў, у тым ліку курганы крывічоў і дрыгавічоў каля Барысава, Лагойску, іншых паселішчаў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губерні, склаў іх першыя тапаграфічныя мапы. Склаў атлас старажытных гарадзішчаў, першы звярнуў увагу на ганчарныя клеймы курганных гаршкоў, першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і сістэматызаваў іх у розных табліцах. Быў сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане.

У 1856 годзе Канстанцін Тышкевіч арганізаваў водную экспедыцыю па рацэ Вялля, паводле вынікаў якой напісаў краязнаўчую манаграфію “Вяльля і яе берагі” (першае выданне было пасмяротна ў Дрэздэне ў 1871 годзе). Адзін з раздзелаў гэтай кнігі “Пра курганы ў Літве і заходняй Русі” прысвечаны ўнікальным знаходкам старажытнага пісьменства яцвягаў 10-14 стагоддзяў, што былі выяўлены ў 1864 годзе на рацэ Буг каля Драгічына. Пра археалагічныя знаходкі пісаў у газеце “Новое время”, якая выдавалася Адам Кіркорам у Пецярбургу ў 1868-71 гадах. Тышкевіч увёў у навуковы ўжытак нямала раней невядомых навуцы археалагічных матэрыялаў. Пісаў пра фальклор беларусаў, пра нацыянальную самабытнасць і гістарычную ўнікальнасць беларускіх земляў.

Памёр Канстанцін Тышкевіч 13 ліпеня 1868 года ў Менску, пахаваны ў родным Лагойску. Багатыя зборы навукоўца і калекцыянера ў значнай ступені разышліся па-за межы сучаснай Беларусі (Вільня, Варшава, Масква, Паланга і іншыя гарады). У Лагойску ад былой сядзібы Тышкевічаў засталіся толькі руіны дзвюх арак былога палацу і частка старога парку.

Беларускае Радыё Рацыя