Бацька паэта – ахвяра русіфікацыі



“Я быў адной з першых ахвяр русіфікацыі”, – напісаў  ў мемуарах напрыканцы жыцця Адам Багдановіч (1862 – 1940) – бацька паэта Максіма Багдановіча. І ў гэтых жа ўспамінах цэлыя старонкі, напісаныя беларускай мовай – праз столькі гадоў. “Я не ў глум гавару”, – цытуецца бабка Рузаля.

Мемуары

У 1994 годзе Васіль Быкаў назваў мемуары Адама Багдановіча  лепшай публікацыяй года. Мемуары  напісаныя ў 1930-ых гадах, у іх Адам Багдановіч асэнсоўвае сваё жыццё пачынаючы з ранняга дзяцінства. Вельмі ярка апісвае жыццё беларускага мястэчка 19-га стагоддзя.    

Мемуары былі падрыхтаваныя да выдання супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і надрукаваныя ў 1994 годзе. (Богданович А. Мои воспоминания // Неман. 1994. № 5. С. 55).

 У Яраслаўлі на Лявонцьеўскіх могліках пахаваны Адам Багдановіч – бацька паэта, у 1991 годзе на яго магіле ўсталяваны помнік, аўтар беларускі скульптар Павал Лук. На помніку надпіс; “Бацька паэта”.  Гэта азначэнне не падабалася Адаму Багадановічу – “Бацька паэта – тытул мой на Беларусі”, – скардзіўся ён у адным з лістоў пасля наведвання Беларусі па запрашэнні Інбелкульта. 

І – сапраўды – не толькі “бацька Паэта”, але і фалькларыст, мемуарыст. 

Прыпынены час у мястэчку Халопенічы

У мястэчку Халопенічы захаваліся фактычна ўсе цікавосткі, узгаданыя ў мемуарах Адама Багдановіча, а знайшоў іх Андрэй Аляхновіч – сваяк Багдановічаў па лініі Івана Баранка – стрыечнага брата Адама Багдановіча, які быў першым хатнім настаўнікам Адама – вучыў чытаць.

Час тут, калі не спыніўся, то троху прыпыніўся.   

Андрэй Аляхновіч, як у свой час  Адам Багдановіч сцвяржае, што правільная назва мястэчка Халапенічы, а не ХалОпенічы, бо паходзіць назва мястэчка не ад “халопаў, а назва – гідронім, утвораны ад двух словаў – Хала – возера, Пея – рака”.  

 Андрэй Аляхновіч таксама працаваў у школе настаўнікам, пакуль ў 2001 годзе яго не звольнілі па суду за – тое, што яго вучні распаўсюджвалі налепкі “Гульня скончаная”.   

Што можна пабачыць у родным мястэчку бацькі паэта? 

Уніяцкая царква, дзе хрысцілі Адама (Адольфа) Багдановіча. Зараз царква ў зруйнаваным выглядзе, але паціху аднаўляецца. Разбітая савецкай арытылерыяй падчас Другой сусветнай вайны. Але захаваўся яе выгляд на дарэвалюцыйнай паштоўцы.

Месца, дзе стаяў палац паноў Лапаў (да іх належаў Храбтовічам). Парк, рэшткі падземнага хода, які вёў да касцёла. “Дуб-Троіца”, які быў асвечаны ў 19-ым стагоддзі па жаданню паноў біскупам.

Месца дзе стаяла “бабіна хата” таксама лёгка знайсці – у мемарах усё апісана  дакладна. Там жыла баба Рузаля – варажбітка і знахарка, там праходзіла дзяцінства Адама. Цяпер на гэтым месцы толькі засохлая яблыня. 

Закінутыя і цалкам спляжаныя каталіцкія могілкі паблізу ад машыннага двара. Там, дзякуючы успамінам Адама Багдановіча, Андрэй Аляхновіч адшукаў тры невядомыя раней курганы, у які пахаваны паўстанцы 1863 год. Расейскія войскі захапілі паўстанцаў, калі тыя купаліся ў рэчцы, пасеклі шаблямі. Целы распаранутых паўстанцаў былі прывезеныя ў Халапенічы, скінутыя  на зямлю. Для апазнання был сагнаныя мясцовыя жыхары, тых хто плакаў біілі нагайкамі “Не сметь плакать по мятежним!”Атрымала нагайкай ад казака і цётка Адам Багдановіча Марыя, якая плакала па паўстанцам.

А ў цэнтры Халопенічаў на тым месцы, дзе раней стаяў помнік Леніну, стаіць помнік Адаму Багдановічу – “адной з першых ахвяр русіфікацыі”, беларускаму этнографу і бацьку паэта.

Паліна Сцепаненка, у 1990- 1998 годзе супрацоўніца музея Максіма Багдановіча

Беларускае Радыё Рацыя