Бацька Семянюк: „Смерць пад Чапая”, або Чуткі пра яе былі моцна перабольшаныя



Беларускія пісьменнікі-эмігранты ў сваіх працах пра антысавецкі супраціў у БССР часта выдавалі за праўду неправераныя звесткі і адкрытыя чуткі. На жаль, іх можна выявіць і ў артыкулах сучаснай расейскай версіі Вікіпедыі, якія актыўна перадрукоўваюць расейскія інфармацыйныя рэсурсы, нават дадаючы ад сябе яшчэ большыя ляпсусы.

Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале с Лукашам Семянюком (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За атаманам — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

Адным з такіх, кажучы сучаснай мовай, фэйкаў, з’яўляецца інфармацыя, прыведзеная ў артыкуле, прысвечаным Лукашу Семянюку (варыянты прозвішча — Семянік, Семяняка, Семянікаў) — паўстанцкаму атаману, аднаму з самых актыўных беларускіх антысавецкіх партызанскіх камандзіраў часоў германскай акупацыі і савецка-польскай вайны (1918–1921).

Пад Чапая

Чытаем у Вікіпедыі: «…Ад Захаду сунуліся палякі і спыніліся ў жніўні 1919 года на рэкі Бярэзіне, не дайшоўшы дваццаць кіламетраў да семянюкоўскай мужыцкай дзяржавы. 16-я армія РККА стала фронтам на іншым беразе ракі, а яе роты і падраздзяленні рассыпаліся па ўсіх вёсках Барысаўшчыны, якая стала бліжэйшым тылам. Атрад Семянюка, каб пазбегнуць няроўнай барацьбы, усё глыбей і глыбей сыходзіў у лясы. Атрад у той час апынуўся паміж двума жорнамі. Спроба зламіць савецкі фронт і перайсці праз Бярэзіну на бок палякаў стала б для яго самагубствам, але нечаканая акалічнасць выратавала семянюкоўцаў.

Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале с Лукашам Семянюком (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За атаманам — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

У канцы жніўня адна дывізія польскага войска прарвала каля Барысава савецкі фронт, і, пераправіўшыся на другі бок Бярэзіны, заняла гарадское прадмесце Стары Барысаў. Бальшавіцкай арміі пашчасціла залатаць дзірку на фронце, адкінуўшы палякаў зноў на другі бераг Бярэзіны. Аднак перад гэтым атрад Семянюка каля вёскі Ігрышч паспеў далучыцца да польскіх уланаў і разам з імі пачаў пераправу. Першымі перапраўляліся на іншы бок Бярэзіны уланы, іх ар’ергардам быў аддзел Семенюка, ар’ергардам свайго аддзела — камандзір Лукаш Семянюк. Ён заўсёды першым наступаў і апошнім адступаў. Ужо ўсе семянюкоўцы пад шквальным варожым агнём пераплылі Бярэзіну, ужо пераплываў яе і Семянюк, калі куля абарвала яго жыццё…».

Проста сюжэт са знакамітага савецкага кінафільма пра героя грамадзянскай вайны ў Расеі Васіля Іванавіча Чапаева, калі ён тоне ў рацэ Урал, прабіты белагвардзейскай куляй!

Інфармацыя ж ўзятая з эсэ Юркі Віцьбіча, апублікаваным у кнізе «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі».

Пры гэтым маецца дастатковая колькасць крыніц, у тым ліку прыведзеных у беларускамоўнай версіі артыкула Вікіпедыі, згодна з якім атаман Лукаш Семянюк загінуў толькі ў 1921 годзе.

Праз успаміны ворагаў

Я прывяду толькі некалькі невядомых шырокай чытацкай аўдыторыі сведчанняў з успамінаў ідэйных апанентаў зялёнага «бацькі», згодна з якімі інфармацыя пра яго смерць у жніўні 1919 года выглядае недакладнай.

Вядомы чэкіст Станіслаў Ваупшасаў у сваіх мемуарах «На трывожных скрыжаваннях. Запіскі чэкіста» апісвае біяграфію атамана ў кантэксце асабістай.

«Пасля апублікавання Дэкрэта аб стварэнні Чырвонай Арміі, Максім Барташук і я запісаліся добраахвотнікамі ў 3-і асобны Маскоўскі батальён. Увосень 1918 года ў складзе 8-й стралковай дывізіі мы выехалі на Заходні фронт. […] Мінуўшы Смаленск, воінскі эшалон прыбыў у Беларусь. Наш полк заняў пазіцыю на ўсходнім беразе ракі Бярэзіны, у 12 кіламетрах ад Барысава. Горад быў у руках непрыяцеля. Чырвоныя войскі вялі ў той час на Заходнім фронце абарончыя баі, змагаліся супраць белапалякаў і розных контррэвалюцыйных банд. Вораг пераўзыходзіў нас колькасцю ўтрая, ў яго мелася велізарная манеўраная перавага — яго часткі ў асноўным кавалерыйскімі, а ў нас толькі пешыя сілы.

Непрыяцель разумеў сваю перавагу ў манеўры і часта карыстаўся ім, здзяйсняючы ліхія кавалерыйскія налёты на нашы пазіцыі, прарываючыся ўглыб абароны і робячы спусташальныя рэйды па тылах… Разам з белапалякамі ў такіх рэйдах ўдзельнічалі розныя банды. Нямала клопатаў даставілі нам конныя атрады атамана Семянюка. Гэта быў беларускі бацька Махно, яго нялёгкая разбойніцкая кар’ера чымсьці была падобная на лёс вядомага ўкраінскага анархіста.

Семянюк быў родам з Барысаўскага павета, паходзіў з моцных сераднякоў, служыў у царскай арміі, паказаў сябе ў імперыялістычную вайну. Пасля рэвалюцыі ён перайшоў на бок Савецкай улады і стаў першым камісарам Халопеніцкага валрэўкаму ў сваім павеце. Яго рашучасці і мужнасці мог пазайздросціць любы, аднак палітычна ён не саспеў і не адпавядаў пасадзе. Ад прыроды схільны да крайнасцяў, ён хутка пачаў аддавацца лявацкім загібам. У якасці кіраўніка валаснога рэўкама Семянюк стаў расстрэльваць без суда і следства ўсіх, хто правініўся. Пра гэта самавольства даведаліся ў павятовым цэнтры, быў выдадзены загад арыштаваць яго і даставіць у Барысаў. Аднак па шляху Семянюк збег з-пад варты і схаваўся ў лесе. Нягледзячы на крывавыя акцыі, яго аўтарытэт у павеце быў яшчэ высокі. Вакол збеглага арыштанта сталі згуртоўвацца розныя авантурысты і прайдзісветы… Былы камісар рэўкама Семянюк стаў ашалелым контррэвалюцыянерам, адкрытым белагвардзейскім бандытам.

Змагацца з бандыцкімі рэйдамі па нашых тылах было надзвычай цяжка. Войскаў Заходняга фронту ледзь хапала, каб стрымліваць белапольскія арміі на перадавой лініі, а ўжо для тылу ўзброенай сілы не заставалася. Карыстаючыся гэтым, Семянюк і іншыя “бацькі” менш калібрам грамілі населеныя пункты, рабавалі жыхароў, выразалі партыйны і савецкі актыў, ладзілі дзікія варфаламееўскія ночы, здзекаваліся над бяззбройнымі людзьмі, старанна пазбягаючы сустрэч з часткамі Чырвонай Арміі…».

Восень 1919-га

Паўстанцы атамана Лукаша Семянюка з польскімі вайскоўцамі. Вялікае Стахава, 1919 г.

Ненадоўга перапынім успаміны Ваўпшасава і звернемся да сведчанняў нейкага Ота, ветэрана вайны РСФСР і Польскай Рэспублікі 1919-1921 гадоў, Другой сусветнай вайны, прыведзеных у кнізе «Памяць. Стаубцоускі раён»:

«У пачатку восені 1919 года наш батальён (465-га стралковага палка Чырвонай Арміі) быў узняты па трывозе і накіраваны ў Стоўбцы на ліквідацыю бандытызму. У той час насельніцтва тэрарызавала банда Семянюка, якая была ўзброеная і трымала сувязь з белапольскім камандаваннем. Да нашага прыходу ў Стоўбцах знаходзіўся эскадрон чырвоных коннікаў з данскіх казакоў, прыхільнікаў савецкай улады. Тры коннікі з эскадрону паехалі ў адну з вёсак (цяпер не памятаю яе назвы), каб сабраць фураж для коней. З фуражом вярталіся праз лес у Стоўбцы. Недалёка ад вёскі на іх напалі бандыты. Двух чырвоных казакоў схапілі і закатавалі, толькі аднаму ўдалося ўцячы.

Калі пра гэта даведаўся камандзір нашага батальёна, ён накіраваў у тую вёску атрад чырвонаармейцаў. Задача была ў тым, каб выявіць бандытаў і даставіць вінаватых у дзікунскім забойстве чырвоных коннікаў ў штаб батальёна. Запалоханыя бандытамі сяляне маўчалі. Аднак карпатлівая тлумачальная праца чырвонаармейцаў падзейнічала. Атраду былі выдадзеныя некалькі асобаў, якія хаваліся ў вёсцы і, як высветлілася пазней, з’яўляліся членамі банды Семянюка.

У працэсе баявых аперацый супраць банды і дэталёвага расследавання справы па забойстве чырвоных коннікаў, былі ўсталяваныя вінаватыя. Іх напаткала справядлівая рэвалюцыйная кара».

Жывы і ў 1921-м

І зноў вернемся да мемуараў Ваўпшасава. У канцы 1919 года, пасля заканчэння шасцімесячных ваенна-палітычны курсаў Заходняга фронту, Ваўпшасаў знаходзіўся на пасадзе палітрука роты 151-га палка 17 стралковай дывізіі 16-й арміі РККА, раскватараванай у вёсцы Жартай Барысаўскага павета.

«У лютым 1920 года камандзір батальёна Нехвядовіч спытаў мяне, ці згодны я пайсці ў тыл ворага арганізоўваць партызанскія атрады. Я глыбока паважаў Нехведавіча, і яго прапанова мяне кранула.

— А спраўлюся? Там жа не фронт, зусім іншае…

— Справішся. У партызанскіх атрадах ваююць простыя вясковыя хлопцы. А ў цябе і ў мяне ваенны вопыт. Можаш каго-небудзь яшчэ прапанаваць?

Я падумаў і назваў Курзіна, Жулегу (разведчыкі) і Рабава (камандзір роты).

Нехвядовіч ухваліў мой выбар, праз некаторы час дамовіўся з гэтымі таварышамі паасобку, і мы сталі чакаць выкліку, рыхтуючыся да новай і рызыкоўнай працы. […] Я стаў часам адпрошвацца ў камандавання ў разведку па блізкіх тылах праціўніка. Тады і адбылася мая апошняя сустрэча з атаманам Семянюком.

Сабраўшы звесткі аб умацаваннях праціўніка на Барысаўскім кірунку, я і Пётр Курзін вярталіся ў полк, асцярожна набліжаючыся да лініі фронту. На шляху ў нас ляжала родная вёска Семянюка Селішча, яе варта было абысці, як абыходзілі мы ўсе населеныя пункты, Але Пётр упрасіў мяне змяніць гэтаму правілу. Прычына ў яго была надзвычайная. А ў мяне не хапіла духу адмовіць яму.

Пётр быў даўно закаханы ў сястру атамана, і яна адказвала яму ўзаемнасцю. Як яны прымудраліся любіць адзін аднаго, знаходзячыся ў процілеглых лагерах, па розныя бакі фронту, аднаму богу вядома. Тым большай павагі заслугоўвала іх глыбокае пачуццё, якое так несвоечасова ўспыхнула. Вядома, я ішоў на рызыку і парушэнне правілаў вайсковай выведкі, але франтавое таварыства таксама чагосьці вартае.

Мы ўвайшлі ў вёску, пераканаўшыся папярэдне, што непрыяцеля ў ёй няма. Курзін адправіўся да сваёй каханай, а я прытуліўся ў суседняй хаце ў беднякоў, якія спачувалі Чырвонай Арміі. Пытаюся гаспадара:

— А што, сам атаман часцяком наведваецца дадому?

— Як калі, — адказвае. — Пасля добрай спажывы абавязкова прыскача з целаахоўнікамі, дзень-другі покалабродзіць — і зноў знікне.

— І ніхто нічога не ведае аб прыездзе?

— Ніхто нічога. Дужа асцярожны атаман.

— Аблез бацька Семянюк, — кажу, — раней ён пахабрэйшы быў.

У гэты час па вуліцы зацокалі капыты. Атаман, лёгкі на ногі, у суправаджэнні некалькіх коннікаў наблізіўся да свайго дома, дзе знаходзіўся мой сябар Пётр Курзін. Яшчэ хвіліна — і бандыты спешаюцца ля агароджы.

Разважаць не было калі, і я кінуў з-за паркана ў коннікаў гранату, затым другую. Яркія ўспышкі пракалолі цемру, спалохана заржалі коні, пачуліся стрэлы ў паветра, бандыты паскакалі.

Пётр з наганам у руцэ выскачыў з дому, падбег да мяне, я сказаў яму адно слова: «Семянюк», ён усё зразумеў, і мы агародамі выйшлі з вёскі.

Пасля мы даведаліся, што атаман, распавядаючы пра гэты выпадак, скардзіўся на цяжкае жыццё, наракаў, што не давялося ў той раз пабыць дома – «нехта перашкодзіў». Гэта была адна з апошніх скаргаў беларускага Махно. Падчас наступу на Заходнім фронце ў 1920 годзе чырвоныя войскі дабілі Семянюка».

Паводле машынапісных успамінаў аднаго з вядомых арганізатараў савецкай улады на Барысаўшчыне Барыса Сыркіна (1899 — 1988), адзін з асобнікаў якіх захоўваецца ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы: «банда Семянюка разам з атаманам былі знішчаныя толькі восенню 1921 года», то-бок пасля разгрому так званай Паўночна-Менскай групы паўстанцкіх атрадаў НСЗРС (савінкоўскі «Саюз абароны Радзімы і свабоды» і Беларускага «Зялёнага дуба»).

З матэрыялаў разведкі штаба Заходняга фронту Чырвонай Арміі ад 1 кастрычніка 1921 года вынікае, што на гэты момант групоўка атамана падзялілася на тры адносна самастойныя атрада са сваімі камандзірамі — Монічам, Севярынам і ўласна Семянюком. «Падчас буйных аперацый, — удакладняла крыніца, — яны аб’ядноўваюцца».

Паблыталі з іншым?

Дык адкуль жа ўзялася інфармацыя пра смерць беларускага «бацькі Махно» нават не ў жніўні 1919 года, а менавіта пры пераправе праз Бярэзіну?

На гэты конт у мяне свая версія. Газета «Беларусь» за 3 снежня 1919 года (штодзённае выданне нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, якая ў перыяд польскай акупацыі Мінска фактычна з’яўлялася друкаваным органам Рады БНР) паведаміла: «Начальнік штаба беларускага партызанскага атрада (Лукаша Семяніка) паручнік Г. Моніч звярнуўся ў БВК (Беларуская вайсковая камісія — орган па фарміравання беларускіх частак у польскім войску ў 1919-1921 гадоў. — А. Т.) са зваротам, што ён са сваім партызанскім атрадам хоча перайсці пад камандаванне Беларускага ваеннага камандавання для барацьбы з бальшавікамі і вызвалення з-пад іх прыгнёту часткі Беларусі. БВК пастанаўляе выслаць у атрад паручніка Моніча для высвятлення становішча на месцы члена Камісіі капітана (Франца — А. Т.) Кушэля».

У №3 (25) за 9 лютага 1920 года грамадска-палітычнага ілюстраванага часопіса «Беларускае жыццё», які выдаваўся ў акупаваным палякамі Менску, быў апублікаваны і фотаздымак партызан атрада бацькі Семянюка, а таксама паведамлялася, што ў сувязі з выпадкамі заражэння тыфам у атрадзе Семяніка, у апошніх днях лістапада 1919 года ён быў выведзены ў Смалявічы. Там жа, у ліку іншага паведамлялася, што, належным чынам ацаніўшы заслугі Семяніка і яго атрадаў, яму было даручана на фронце ажыццяўляць разведку і афіцыйна дазволена далей павялічваць колькасць свайго атрада, прымаючы ў яго добраахвотнікаў, якіх, мяркуючы па ўсім, ён і так ужо прымаў на той жа Стаўбцоўшчыне і ў суседніх раёнах.

Маюцца звесткі, што ў пачатку 1920-га года Лукаш Семянюк у чыне капітана быў-такі залічаны ў склад БВК разам са сваім атрадам. І, на маю думку, асноўнай з прычын па якой Семянюк папрасіўся пад крыло БВК, які быў на польскім забеспячэнні і фінансаванні, была банальная магчымасць такога ж цэнтралізаванага забеспячэння і фінансавання, без якіх атрад, знаходзячыся на самазабеспячэнні, трываў сур’ёзныя нягоды. Што, уласна, і пацягнула выпадкі заражэння тыфам у яго шэрагах.

Збіраючы ж матэрыялы па тэме падпольнага антысавецкага «Саюза барацьбы за незалежнасць Беларусі» (1946-1949) і яе арганізатара Івана Раманчука (1920-1987), які пражыў апошні перыяд жыцця ў Барысаве (1974-1987) і пахаванага на гарадскіх могілках, удалося ўстанавіць, што апошні быў названы ў гонар свайго дзядзькі, Івана Канстанцінавіча Раманчука, які загінуў літаральна напярэдадні яго нараджэння «на беразе Бярэзіны». Захавалася і фатаграфія апошняга, зробленая як раз у 1920-м, напярэдадні гібелі, у мундзіры без знакаў адрознення, якія мы можам убачыць на захаваных фотаздымках членаў БВК, з шабляй і бізуном, якія паказваюць, што гэта не пяхотнік, а кавалерыст. І, па маёй версіі, Іван Раманчук быў менавіта добраахвотнікам 1-га Беларускага партызанскага атрада.

Ці не яго смерць пад Барысавам спарадзіла чуткі аб гібелі самога Семянюка?

Магчыма, разам з Іванам ваяваў з чырвонымі і яго брат Рыгор, які ўжо пасля савецка-польскай вайны нейкі час служыў у арміі Польскай Рэспублікі. У міжваенны час паўгода пабыў солтысам у сябе на радзіме ў вёсцы Баяры на Нясвіжчыне, а потым адмовіўся. З прыходам у 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь «вызваліцеляў» быў арыштаваны, вывезены ў Нясвіж, асуджаны і расстраляны. Яго жонка з малымі дзецьмі ў 1940 годзе была ў адміністрацыйным парадку высланая ў Казахстан, дзе яны і знаходзіліся па 1946 год.

Дарэчы, ужо ў 1949 годзе па справе Івана Уладзіміравіча Раманчука з вёскі Баяры, яго «Саюза», Мікалая Дзьмуха з вёскі Квачы і развязанай імі малой антысавецкай партызанскай вайне на Нясвіжчыне, згодна з беларускім «Мемарыялам» ахвяр палітычнага тэрору ў СССР, былі, у ліку іншых, арыштаваныя і асуджаныя:

— Семянік Міхаіл Васільевіч, 1908 г. н., нар. д. Панюцічы Нясвіжскага р-на Менскай вобл.; беларус; адукацыя н/пачатковая; селянін, аднаасобная гаспадарка. Пражываў: Менская вобл., Нясвіжскі р-н, в. Панюцічы. Арыштаваны 17 студзеня 1949 г. Прысуджаны: судовы орган 17 чэрвеня 1949 г., абвінавачв.: 63-2, 24-70, 76 — здрада Радзіме. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Адбываў: Комі АССР, Варкута. Вызв. 10.02.1956, рэабілітаваны 16 ліпеня 1975 г.

— Семяняка Ганна Мацвееўна, 1888 г. н., нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларуска; непісьменная; сялянка, асабістая гаспадарка. Пражывала: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваная 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаная: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 24, 63-1 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч.групы. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Рэабілітавана 1 красавіка 1992 г.

— Семяняка Канстанцін Іванавіч, 1918 г. н., нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларус; адукацыя н/сярэдняя; селянін, асабістая гаспадарка. Пражываў: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваны 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаны: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 24, 63-1 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч.групы. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Рэабілітаваны 1 красавіка 1992 г.

— Семяняка Марыя Іванаўна, 1928 г., р. нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларуска; адукацыя пачатковая; сялянка, асабістая гаспадарка. Пражывала: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваная 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаная: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 73 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч. групы. Прысуд: 10 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах. Рэабілітавана 1 красавіка 1992 г..

І хто ведае, ці не з’яўляліся яны сваякамі знакамітага «зялёнага» атамана?!

Дык калі ж памёр Семянюк?

А народная памяць пра Лукаша Семянюка працягвае жыць і ў нашы дні. Напрыклад, два сведчанні, запісаных краязнаўцам з Лепельшчыны Валерыем Тухто. Першы — ад Блажэвіча Станіслава Іванавіча, 1933 г. н., у вёсцы Дамжэрыцы Лепельскага раёна:

«А бандзіты былі па ўсёй хутарской сістэме. Да Велеўшчыны даходзілі. А Цярэшкі, Пастрэжжа — ані тут шасталі і днём і ноччу. Яны жылі на Смоленкі — хутар такі. Там іх штаб нахадзіўся. Атаманам быў Сямён (Семянік — А.Т). Замясціцелям ягоным быў Якуб. У яго было два сыны. Адзін сын, Ёзап кажацца. Быў у яго хутур. А жана ў яго была очань красівая. Ён пазваляў бандзітам іздзевацца над ней. Первы раз яна дала цягу. Дагналі яе ў Кветчы. Рас Якуб быў замам у атамана, яе не расстралялі. Втарычна савяршыла пабег — дабралася да Слабады. У Жортаі і Слабадзе стаяла паўроты салдат, называліся красныя. Яна этым сказала дзе бандзіты, паказала ўсё сцежкі-дарожкі. Сам Сямён уцёк ат вазмездзія, кажуць, што ў Польшу. А Якуба і двух сыноў у Барысаве павесілі. Ліквідзіравалі іх у 1925 гаду, пра гэта мне і бабуля і мама расказвалі і многа яшчэ хто».

У вёсцы Сялец Майсееўшчынскага сельсавета Барысаўскага раёна Кісель Васіль Макеевіч 1932 г. н. расказваў:

«Пра бандзітаў чуў толькі ад людзей. Находзіліся на Увязку, базіраваліся тут. А тады ў Кветчы. А на связь хадзілі адгэтуль к ім. Знаю, што была Сяменікава банда. У Кветчы іх у пуні апанавалі. Парасстрэльвалі тамака многа».

А Галіна Аніскевіч з Жодзіна ў свой час наваат мела зносіны са сваякамі Лукаша Семянюка, якія распавялі ёй паданне, што на самой справе ён схаваўся ў Польшчы, ці ж, што нехта з землякоў выпадкова ўбачыў яго ў 1930-я гады ў Ленінградзе. Прычым, у апошнім выпадку сцвярджалі, што атаман памёр пад выдуманымі дадзенымі дзесьці ў 1980-х гадах. Ісціну пра яго, як быццам, даведаліся выпадкова, выявіўшы ў кватэры архіў. Пра гэта нібыта пісала газета «Известия» дзесьці ў 1996-97 гадах.

Аднак я асабіста гэтым чуткам не веру. Не такім чалавекам быў Семянюк, каб затаіцца, ды яшчэ і ў Ленінградзе. Ужо кім-кім, а скрытным чалавекам ён дакладна не быў. Прагледзеўшы падшыўкі «Известий» за названыя гады ніякага артыкула пра Семеніка я там не знайшоў.

Таму кропку ў справе даты смерці «беларускага Махно» ставіць яшчэ рана.

Партрэт Лукаша Семянюка аўтарства Алеся Пушкіна

Андрэй Цісецкі, novychas.by