Батумі: беларускі клуб распачаў працу



У Батумі, сталіцы грузінскай Аджарыі, куды пераехала некалькі тысяч беларусаў, распачаў працу Беларускі клуб. Першапачаткова гэта была школка для дзетак, а цяпер змяніўся фармат, на сустрэчы могуць прыходзіць і дарослыя.

Пра стварэнне клуба распавядае Кася Панкевіч:

– Нас шмат, мы троху пазнаёміліся. Мы плануем заняткі для дзяцей асобна, і яны будуць складацца з розных частак. Будзе знаёмства з нейкай тэмай, на розны ўзровень, для малодшых робіцца нешта прасцей, старэйшым я стараюся падбіраць нейкія цікавосткі, якія яны не ведаюць. Гэта заўсёды можна знайсці. Нават для беларускамоўных сем’яў, дзе дзеці дасведчаныя, усё роўны можна знайсці для іх штосьці новенькае.

Беларусы, што прыйшлі на сустрэчу лічаць, што гэта новы спосаб для камунікацыі.

– Гэтыя сустрэчы вельмі цікавыя, бо ў мяне ёсць двое дзяцей, якім трэба вучыцца размаўляць на беларускай мове, таму што мы ў Батумі ўжо чацвёрты год, тры гады мы тут зусім не размаўлялі на мове, зараз ёсць такая магчымасць.

– Такая сітуацыя ў нас, што зараз беларусы па ўсім свеце. Трэба аб’ядноўвацца, дамагацца мэтаў. Паколькі мы былі вымушаны пакінуць Беларусь, дзе дзеці хадзілі ў беларускамоўны садок, то трэба аднаўляць веды.

Сустрэчы ў такім беларускім клубе будуць адбывацца двойчы на тыдзень і беларусы спадзяюцца, што колькасць і дарослых і дзетак будзе толькі павялічвацца.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя