Базыльянскаму закону – 400 гадоў: рэшткі былой велічы



20 ліпеня спаўняецца 400 гадоў з дня заснавання на беларускіх землях Базыльянскага закону – уніяцкага царкоўнага ордэну. Сёння ў Беларусі няма прадстаўнікоў гэтага ордэну. Засталіся толькі некаторыя архітэктурныя помнікі, якія сведчаць пра былую веліч грэцка-каталіцкага закону.

Сапраўднымі заснавальнікамі Базыльянскага Ордэну на нашых землях трэба лічыць Мітрапаліта Язэпа Руцкага і Язафата Кунцэвіча. Абвешчаны новы ордэн быў у віленскіх Базыльянскіх мурах. Гэты велічны помнік архітэктуры ацалеў, хоць і выглядае зараз не лепшым чынам. Аднак ён функцыянальны, зараз у ім рэгулярна праводзяцца набажэнствы ўкраінскіх уніятаў.

Найбольшымі і вядомымі манастырамі Базыльянскага Ордэну на Гарадзеншчыне былі Жыровіцкі, Барунскі і Новаспаскі асяродкі. Лёс гэтых архітэктурных комплексаў склаўся па-рознаму.

Адзіным „жывым” архітэктурным ансамблем да сёння застаецца Жыровіцкі манастыр, які служыць зараз праваслаўнай царкве.

Зусім не пашкадавалі час, войны і людзі манастыр у Новаспаску (на тэрыторыі Смаргонскага раёну, паблізу вёскі Суцькава). Ад будынку да сёння засталіся толькі руіны.

Крыху ў лепшым стане былы базыльянскі манастыр у Барунах. Касцёл там цалком адрэстаўраваны і служыць зараз рымска-каталіцтву, а вось будынак кляштару ў гаротным стане. Добра яшчэ, што апошнім часам хоць закрылі дошкамі вокны і ўваходы ў заняпалыя муры.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара