Беларусь атрымала лічбавыя копіі беларускіх буквароў XVII—XVIII стагоддзяў
Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала ад калег з Еўропы лічбавыя копіі беларускіх буквароў, выдадзеных 300—400 гадоў таму, паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара ўстановы па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша.
„Калі летась мы святкавалі 400-годдзе беларускага буквара, то працавалі з лічбавай копіяй самага старажытнага, — сказаў ён. — Затым мы працягнулі развіваць гэты праект. Так, сёлета мы актыўна шукалі старыя беларускія буквары ў іншых зборах. У прыватнасці з Даніі, некаторых бібліятэк іншых краін — пераважна з Еўропы — нам перадалі лічбавыя копіі буквароў XVII—XVIII стагоддзяў”.
„Сам па сабе гэта вельмі цікавы матэрыял, бо гэтыя выданні ў Беларусі зусім не захаваліся. Самы старажытны буквар, які мы маем, датуецца сярэдзінай XVIII стагоддзя. Больш старыя арыгіналы можна знайсці толькі ў Швецыі, Даніі, Вялікабрытаніі, Германіі — дзе хочаш, але, на жаль, не на той зямлі, дзе яны выкарыстоўваліся. З-за выкарыстання яны проста былі зачытаныя да дзірак”, — адзначыў Суша.
Прэзентацыя факсімільнага выдання першага беларускага „Буквара” адбылася ў жніўні мінулага года. Арыгінал кнігі быў выданы ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе (цяпер Вевіс). Узнавіць кнігу ўдалося дзякуючы сумесным намаганням Бібліятэкі ганаровага таварыства Мідл Тэмпл, пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, беларускіх міністэрстваў культуры і адукацыі, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, БДУ, а таксама Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і „Белінвестбанка”.
Фота sb.by