Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» прадставіць песня, аўтар якой адседзеў суткі
Беларусь вызначылася з песняй, якая сёлета прадставіць краіну на дзіцячым „Еўрабачанні” ў Польшчы. Гэта кампазіцыя „Прышэльцы”, яе выконвае 12-гадовая Арына Пехцерава. Аўтар – Данііл Забела.
Цікава, што 10 жніўня падчас экскурсіі па Магілёве, якую ладзіў вядомы краязнаўца Алег Дзьячкоў, Данііл апынуўся затрыманым амапаўцамі і адседзеў суткі за нібыта ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але музыка лічыць, што гэты інцыдэнт не мае ніякага дачынення да творчасці, тым больш да дзіцячага „Еўрабачання”.
„Гэтая песня была напісана вясной. Яна пра тое, як людзі адчувалі сябе падчас пандэміі: як ім цяжка было размаўляць адзін з адным, мець зносіны, што ўсе сядзелі па хатах. Такая песня адзіноты. Не спадзяваліся што песню адбяруць, але, мабыць, яна спадабалася, трапіла ў кропку „, – кажа ў размове Данііл Забела. У youtube і на афіцыйнай старонцы дзіцячага „Еўрабачання” ў Instagram песня „Прышэльцы” атрымлівае шмат пазітыўных водгукаў.
Беларускае Радыё Рацыя