Беларусь святкуе Дзень бібліятэк



У Міністэрстве культуры адзначаюць, што бібліятэка будзе заставацца светачам навукі і мудрасці, але разам з тым дадаюць, што ў краіне за мінулы год закрыта звыш 500 устаноў. Гэта пераважна сельскія бібліятэкі, якія падпалі пад праграму аптымізацыі культуры ў маланеселеных кропках.

“Час паказаў, што ніякі лічбавы носьбіт не зможа замяніць друкаванае слова”, – упэўнена супрацоўніца Пінскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Святлана Моўчан:

– Бібліятэка заўсёды займала і будзе займаць асобае месца ва ўсёй сферы культуры, таму што гэта тое, з чаго зараджаецца кожная нацыя. Перадусім гэта слова, гэта мова, гэта традыцыі, гэта нашая гісторыя. І ўсё гэта разам захоўвае і перадае пакаленням кніга.

У Беларусі працуе амаль 8 тысяч бібліятэк агульны кніжны фонд якіх складае звыш 180 мільёнаў адзінак. Бібліятэкары кажуць, што самае галоўнае рухацца з часам і ў новых умовах паказваць актуальнасць кнігі, асобна для маладога пакалення.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя