Беларус, які стварыў музей у Гудзевічах
У вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна ёсць літаратурна-краязнаўчы музей, які ў 1965 годзе заснаваў заслужаны работнік культуры, настаўнік, публіцыст Алесь Белакоз (1928-2016). 11 верасня Алесю Белакозу спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння.
Школьны музей Алеся Белакоза ў Гудзевічах прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам. Менавіта яшчэ тады дзеці пад кіраўніцтвам Алеся Мікалаевіча Белакоза пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавікі ці рукапісы свайго твора, кнігі з аўтографамі. Калі назбіралася многа матэрыялаў — і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей. Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакойчыку, а калі ў 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу, тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, які размясціў чатыры экспазіцыйныя залы і калідор. Яны былі адчынены ў 1984 годзе.
Яшчэ ў 1980 годзе мясцовы калгас дапамог перавезці з вёскі Семярэнкі да музея хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. А пазней калгас дапамог перавесці да хаткі свіронак. У 1990 годзе музей у Гудзевічах стаў дзяржаўным. Тады ж пад музей быў перададзены другі школьны будынак, дзе ў гэты ж год была адчынена зала “Народная медыцына”, праект якой бясплатна зрабіў мастак Алесь Ступень. Адначасова былі аформлены дзве залы “Лёну і народнага ткацтва”, дзе сабраны ўсе прылады, якія патрэбны для таго, каб лён ці воўна ператварыліся ў тканіну, паказаны ўсе ўзоры тканін, якія вырабляліся ў тамтэйшай мясцовасці, а таксама ўнікальная калекцыя падвойных дываноў. Потым адчыніліся экспазіцыйныя залы. А ў 1997 годзе была зроблена зала “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках” і г.д.
Так паціху музей пашыраўся і жыў. Хаця ў стварэнні яго, у пошуках матэрыялаў для яго, існавала нямала перашкод. Але іх змог адолець тады няўрымслівы і апантаны справай Алесь Белакоз. Чалавек-легенда, якога мы заўсёды памятаем. памятаем такім, якім ён быў — народным настаўнікам, збіральнікам, музейшчыкам, краязнаўцам, літаратарам, вялікім беларусам ХХ — пачатку ХХI стагоддзяў. Алесь Белакоз — гэта шчыры і мужны беларус, патрыёт, чалавек, для якога Беларусь заўсёды была сэнсам усяго яго жыцця.
За сваё жыццё Алесь Белакоз напісаў і апублікаваў дзесяткі артыкулаў у розных выданнях. Ён пакінуў нам у спадчыну кнігі “Музей у Гудзевічах” (2012), “Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей” (1986), “Каб жыла Беларусь” (2003), “Крамянёўка” (2010). У 1987 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.
У 2021 годзе на магіле Алеся Белакоза ў Гудзевічах быў пастаўлены помнік. Яго паставілі з каменя. На ім выбіта прозвішча і гады жыцця Алеся Белакоза, а таксама праваслаўны крыж. Такую просьбу пры жыцці меў сам Алесь Мікалаевіч. Ён прасіў, каб на яго магіле стаяў помнік у выглядзе каменя з мясцовых палетак. Просьбу беларускага грамадска-культурнага дзеяча і педагога выканалі.
Беларускае Радыё Рацыя