“Беларус” з “Акупацыяй” Зянона Пазняка



У Нью-Ёрку выйшаў з друку штогадовік-альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус-2020”. Заснавальнік і выдавец альманаху Марат Клакоцкі. Гэта ён шмат зрабіў і робіць дзеля таго, каб альманах выдаваўся і радаваў не толькі беларусаў замежжа, але і ўсіх тых, хто любіць беларускае слова і ў Беларусі, і ў свеце наогул.

“Беларус” адкрываецца аповесцю Алега Аблажэя (1954-2016) “Вектар гравітацыі” з прадмовай Алега Мінкіна, які адзначыў, што з Алегам Аблажэем ён пазнаёміўся на “барыкадах”: “Я толькі-толькі засяліўся ў сваю віленскую кватэру (першыя дні студзеня 1991 г.), як пачаліся пакручастыя падзеі змагання летувіскага народу за сваю свабоду і незалежнасць”, – прыгадвае Алег Мінкін.

Мастак, паэт і празаік Алег Аблажэй нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, дзе і пахаваны. Шмат гадоў жыў у Вільні, быў актыўным дзеячам “Саюдзіса”, супрацоўнічаў з многімі беларускімі арганізацыямі Вільні.

Найцікавейшай публікацыяй у альманаху беларускіх пісьменнікаў замежжа з’яўляецца драматычная хроніка ў дзвюх дзеях для чытання, тэатра і кіно “Акупацыя” Зянона Пазняка. Падзеі ў драматычнай хроніцы адбываюцца ў Менску ў 1941-1944 гадах. Як піша сам аўтар у прадмове “гэта п’еса пра беларускае нацыянальнае падзем’е, якое ратавала Беларусь у час гітлераўскай акупацыі краіны ў 1941-1944 гадах”.

З задавальненнем чытачы пазнаёмяцца з нататкамі і вершамі Сяргея Сокалава-Воюша, з падарожнымі нататкамі Юрася Шамецькі, з зацемкамі-ўспамінамі “Незабыўнае” Валянціны Якімовіч, з апавяданнямі Віталя Зайкі, Віктара Кавалеўскага, Цімоха Ліякумовіча

Як заўсёды парадуюць аматараў паэзіі вершы Іны Снарскай, Эсьпіносы Руіз Анхэлі, Пятра Мурзёнка, Юрася Жвалікоўскага, Аляксандра Хацкевіча, трыялеты Валеры Кахарчука і “Вяртанкі” Якуба Лапаткі.

Арыгінальныя новыя свае творчыя адкрыцці на суд чытачоў вынеслі Макс Шчур, Ірына Хадарэнка, Святлана Кабанава, Віталь Воранаў, Вячаслаў Бортнік, Алесь Тарановіч, Сяргей Панізьнік і іншыя аўтары.

Альманах “Беларус-2020” вельмі разнастайны і чытаецца даволі цікава. Ды і творчых аўтараў-беларусаў замежжа з кожным годам становіцца больш і больш.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя