Беларусь за савецкім часам была цэнтрам падпольнага друку



Сустаршыня партыі БХД Аляксей Шэін стаў пераможцам літаратурнага конкурса „Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава. Конкурс праводзіць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Аляксей Шэін будзе ўзнагароджаны за эсэ «Святыя падпольшчыкі», распавядае аўтар:

– Эсэ было напісанае паводле сабраных матэрыялаў пра падпольны друк Бібліі, духоўнай літаратуры і кантрабанды гэтай літаратуры, таксама камплектуючых для падпольных друкарняў з-за мяжы. Аказваецца, Беларусь за савецкім часам была цэнтрам рэлігійнага, духоўнага друку для ўсяго Савецкага Саюза. Былі падпольныя друкарні ў кватэрах, і меншыя друкарні – іх можна было сабраць-разабраць і на мапедзе перавезці з леса ў лес. Тут друкавалася літаратура бадай што на ўсіх мовах былога Савецкага Саюза. Мы знайшлі шрыфты.

25 верасня Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурса „Экслібрыс”. Акрамя Аляксея Шэіна будуць узнагароджаны Крысціна Бандурына, Антон Рудак, Ганна Севярынец і Хведар Сумкін. Прызы ўручаць прадстаўнікі грамадскай культурніцкай кампаніі „Будзьма беларусамі!”, газеты „Наша Ніва” і спонсары. Узнагароджанне пройдзе ў Крэатыўнай прасторы ЦЭХ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя