“Беларусалім” Севярынца, які “прачынае Беларусь у цемры”



У кангрэс-холе менскага гатэлю “Вікторыя” адбылася прэзентацыя раману “Беларусалім. Золак” Паўла Севярынца. Гэта ўжо дзясятая кніга палітыка-літаратара, як яго прызвычаіліся называць у СМІ. Ён пісаў яе 12 год. Пад пагрозамі знікнення, у тым ліку, за кратамі КДБ, – зусім ужо па “Майстру і Маргарыце” Булгакава.

У справу аднаўлення рукапісу ўмешваўся нават экс-прэм’ер-міністр Літвы Андріс Кубілюс. І наперадзе – зусім яшчэ як у адной кінаэпапеі “Валадар пярсцёнкаў” – 50 прэзентацый кнігі ў Беларусі ды за мяжой. Ды – надалей па меры з’яўлення іншых частак “Беларусаліма” – “бясконцы бег на доўгую дыстанцыю” расцягнецца на некалькі год…

  Ягонае імя ўжо шмат год не сыходзіць з першых палос незалежных прэсы, радыё і тэлебачання. Хоць у розныя гады ў розных іпастасях – спачатку як лідара ўтворанага “Маладога фронту”, арганізатара вулічных пікетаў ды масавых акцый супраць існуючага рэжыму. Пасля – неаднаразова – як палітвязня. Цяпер – як сустаршыні аргкамітэта ўжо некалькі разоў незарэгістраванай партыі БХД і Беларускага Камітэта салідарнасці з Украінай. І – вядомага літаратара, аўтара дзясятка кніг публіцыстыкі ды прозы.

Дарэчнай будзе кароткая візітоўка.

ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ нарадзіўся за дзень да заканчэння 1976-а ў сям’і журналіста ды настаўніцы. Скончыў сярэднюю школу з залатым медалём ды геаграфічны факультэт БДУ. У 95-ым уступіў у БНФ “Адраджэнне”, з 97-а сем год быў сустаршынёй “Маладога фронту”. Там жа стаў заснавальнікам асветніцкага праекту “Шоў Беларушчыны”, курсаў “Ды-джэяў Адраджэння”, ініцыятарам стварэння кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацый “Пераменаў”, а таксама міжканфесійнай супольнасці “Хрысціянская ініцыятыва”. Быў намеснікам старшыні Партыі БНФ ды адным з арганізатараў першага Кангрэсу Беларускай Моладзі, камітэту абароны Курапатаў, нацыянальнай кампаніі “Беларусь у Эўропу!”, перадвыбарчага блоку “Маладая Беларусь”. У 2005 Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць балатавання Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін, што адбываліся пасля рэферэндуму 2004-а. Пасля адбываў з улікам амністыі 2 гады пакарання на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна, што на Полаччыне. У 2009 ў вёсцы напісаў кнігу “Лісты з лесу”. А ў 2010-ым быў узяты пад варту, у 2011-ым асуджаны да 3 год абмежавання волі за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Знаходзіўся ў вёсцы Куплін.

Наперадзе ў планах Паўла Севярынца – выданне напісаных яшчэ двух частак “Беларусаліма” і першай кнігі вершаў.

[Not a valid template]

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара