Беларусаў пазнаёмілі з Усходняй Украінай праз кіно



Дабрачынны кінапрагляд для ўсіх жадаючых прайшоў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, што ў Вільні. Гледачы змаглі ўбачыць тры фільмы ўкраінскага калектыву рэжысёраў і мастакоў “FreeFilmers”, якія распавядаюць пра культуру і працу Усхода Украіны ў прамежку паміж 2014 годам і паўнамасштабнай вайной.

Раней жыццё гэтага рэгіёна было не так вядома як для беларусаў, так і для ўкраіцаў — адзначае арганізатар кінапаказу і лектар ЕГУ Андрэй Вазьянаў:

– Шырокая публіка ўбачыла Марыупаль толькі ў гэтым годзе ў кантэксце трагічных падзеяў, якія там адбыліся і адбываюцца. Мала што ведалі пра Марыупаль ранейшы. І мне падаецца, што калі мы ўбачым, якім ён быў раней, у мірныя часы, то „карцінка складваецца”.

Хоць Марыупаль і іншыя гарады ўсходу Украіны пасля паўнамасштабнай вайны зруйнаваныя, але важна захоўваць пра іх памяць. А менавіта беларусы могуць добра гэта зразумець – адзнаае арганізатарка кінапаказу, студэнтка ЕГУ і фем-актывістка Марні Вішнеўская:

– Пасля падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе, гэта не адмяніла ніякіх падзеяў, лёсаў людзей, якія былі да 2020 года ў Беларусі. Гэта ўсё па-ранейшаму актуальна ў Беларусі, тыя ўспаміны пра гэтае жыццё, якое было раней і якое каардынальна змянілася. Практычна ў адзін дзень. І гэты вопыт падобны. І таму беларусы могуць добра адчуць, зразумець і парэфлексаваць адносна гэтага.

Усе сабраныя сродкі ад кінапрагляду былі пералічаныя ўкраінскім ініцыятывам “ЗБОКУ” і “Білкіс”, якія дапамагаюць пацярпелым ад вайны ўкраінцам.

Андрэй Вазьянаў і Марні Вішнеўская

Беларускае Радыё Рацыя