„Беларусьфільм” пачынае працу над фільмам пра Янку Купалу



Падрыхтоўчы этап да здымак фільма пра Янку Купалу пачаты на „Беларусьфільме”, паведаміў начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы нацыянальнай кінастудыі Юрый Ігруша.

У гэтыя дні праходзіць кастынг беларускіх акцёраў для галоўных і эпізадычных роляў у фільме пад рабочай назвай „Пакуль будзе неба”. Аўтар сцэнарыя Алёна Калюнова, рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Янкоўскі, аператар-пастаноўшчык Юрый Бехцераў, мастак-пастаноўшчык Наталля Наваенка. Будзе зняты 4-серыйны ігравы фільм і кінаверсія.

Гістарычная драма расказвае пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У вобразнай і паэтычнай манеры ў карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, што супаў з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя.

Кінапраекту прысвоены статус нацыянальнага фільма. Яго плануецца завяршыць да канца 2019 года.

belta.by