„Беларусьфільм” здымае фільм пра падлеткавую каманду геймераў
Здымкі дзіцячага прыгодніцкага фільма пачынаюцца на Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм”.
Працуе над карцінай рэжысёр Ігар Чацверыкоў. „Аўдыторыя, на якую мы разлічваем, – 12-14 гадоў. Гэтага ж узросту будуць і галоўныя героі. Тэма павінна знайсці водгук у сучасных падлеткаў, паколькі галоўныя героі – каманда геймераў, якія гуляюць у World of Tanks. Іх мара – стаць крутой камандай, трапіць на міжнародныя спаборніцтвы. Але гісторыя не аб камп’ютарных, а аб рэальных прыгодах”, – расказаў рэжысёр. Назва фільма прапрацоўваецца.
Увесь сюжэт аўтары не раскрываюць. Рэжысёр вырашыў пайсці па шляху сусветнага кіно і зняць жанравы фільм. Дзеці і падлеткі ва ўсе часы любілі прыгодніцкае кіно, пошукі скарбаў. Пры гэтым аўтары маюць намер выклікаць інтарэс у падлеткаў да беларускай гісторыі. А гэта значыць, што ў карціне будзе адсылка ў мінулае. Але шукаць гістарычнай праўды не трэба – такой мэты ні рэжысёр, ні аўтар сцэнарыя Валянцін Залужны не ставілі. Дарэчы, аўтар сцэнарыя новай карціны Валянцін Залужны працаваў ужо ў пары з Ігарам Чацверыковым на праектах „Дзяржаўная граніца” і „Участак лейтэнанта Качуры”.
У фільме будзе максімум дынамікі і мінімум маралізатарства, паколькі сёння дзеці прывыклі да дынамічнага кіно. Разам з тым будзе паказана каштоўнасць дружбы, узаемавыручкі, тое, што матэрыяльны складнік – не самае галоўнае ў жыцці.
Здымкі пройдуць у Менску, а таксама ў адным з раённых гарадоў, багатых на славутасці і гістарычныя мясціны. Усе галоўныя ролі выконваюць падлеткі. З дарослых акцёраў найбольш прыкметныя ролі ў Сяргея Чэкерэса, Валянціны Гарцуевай, Канстанціна Міхаленкі і Аляксандра Аўчыннікава.
Гэта не першы зварот рэжысёра да дзіцячай і падлеткавай тэматыкі. Яго дэбютны фільм „Шэльма” (1995) быў разлічаны на падлеткавую аўдыторыю і ў свой час атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на „Лістападзе”. Яшчэ адзін дзіцячы фільм Ігара Чацверыкова „Тры талеры” ў свой час палюбіўся расійскаму гледачу.