«Беларусіца» — рэп-дэбют ад настаўніцы беларускай мовы
Ганна Севярынец, настаўніца і літаратарка, выступіла ў новым амплуа — зачытала рэп.
Дэбютам сталі трэк і кліп «Беларусіца», прысвечаныя прафесіі настаўніцы беларускай мовы. Хіп-хоп вандроўка ў галактыку беларускай класікі адбываецца разам са школьніцай Уллянай (Atesta) і студэнтам Стэфанам. За аранжыроўку і мясісты прадакшн песні адказны Аляксей Паўловіч, за анімаваны кліп — візуальная мастачка @mus4getes.
Каментуе Ганна Севярынец: «Дасведчаныя людзі кажуць, што адзін з канцэптаў рэпу — «рэспект». Для мяне наш праект — мой рэспект усім, хто стварае, выкладае, чытае, слухае і глядзіць беларускае. А яшчэ вельмі важна, што палова ўдзельнікаў «Беларусіцы» — школьнікі і студэнты. От ім, а таксама ўсяму беларускаму школьніцтву і студэнцтву — асобны рэспект».
Па словах аўтара ідэі Алеся Плоткі, праект не мае планаў на «хіпхапізацыю» ўсіх прафесій у настаўніцкай, але рады натхніць на тое, каб «рабіць нечаканае і рабіць так, як не робіць ніхто».
