Беларускае кіно ў Беластоку (абноўлена)
У хабе «Новая зямля» у Беластоку ладзяцца сумесныя прагляды беларускага кіно. Пад час першага такога кінасеанса глядзелі, а пасля абмяркоўвалі нашумелую стужку – «Купала», якая да гэтай пары так і не выйшла ў Беларусі ў шырокі пракат. А гэтым разам праглядзелі яшчэ адзін беларускі фільм, які напаткаў падобны лёс.
Кінастужка «На чорных лядах» была знятая на нацыянальнай студыі «Беларусьфільм» яшчэ ў першай палове 90-х гадоў, але таксама так і не выйшла да шырокага гледача.
— Я ўважаю, што гэта цудоўна, нягледзячы на тое, што гэты фільм можна паглядзець вольна на Ютубе, ці на іншых рэсурсах. Заўжды прыемна паразмаўляць пра гэтыя фільмы, уражанні, фідбэк. А сам фільм „На чорных лядах“, гэта хіба самае дэпрэсіўнае, што я бачыла. Да гэтага я бачыла штосьці з яшчэ больш дэпрэсіўнымі падзеямі, але яны са мной так не рэзанавалі, не было такой беларускай тэматыкі, а яна ў мяне на сэрцы ляжыць ужо досыць даўно. Вядома, якасць не найлепшая, ён і зняты быў даўно і досыць бюджэтненька. Але пры тым такая атмасфера яна мае штосьці такое сваё, цікавае. Звычайна ў фільмах ёсць момант развою сюжэта, потым пад кульмінацыю ён ідзе хутчэй, а потым усё сканчаецца, звычайная гісторыя. Прыблізна так быў пабудаваны сюжэт у фільме „Купала“, але гэты фільм адчуваўся зусім іначай, быў як роўны пласт чагосьці мегадэпрэсіўнага.
РР: А ці чыталі вы гэты твор?
— Я не чытала, але я зараз, мабыць, нават і прачытаю, калі знайду ў электронным варыянце. І канечна параўнаю свае ўражанні ад фільма, ад кнігі. Мабыць, я адшукаю нейкі іншы пасыл ад Быкава.
Далей працягвае прадстаўніца хаба «Новая зямля», адна з арганізатарак беларускіх кінапраглядаў – Надзея Салаўёва:
— У нас дагэтуль былі нейкія кінапрагляды фільмаў па-беларуску, мультоў для дзяцей па-беларуску, але гэта быў Галівуд і больш-менш папулярныя. Потым у нашай камандзе з’явілася ідэя: чаму б не зрабіць такое беларускае кіно? Па-першае, як сёння сказалі падлеткі – гэта рэальна ўздымае і развівае іх патрыятычны дух, па-другое мову, і па-трэцяе – так хочацца нешта пра Беларусь, дакрануцца да Радзімы, бо мы тут далёка, час ідзе і ідзе, хочацца чагосьці беларускага.
Мастацкі фільм «На чорных лядах» быў зняты ў Беларусі рэжысёрам Валерыем Панамаровым, але з прыходам да ўлады Лукашэнкі, так і не выйшаў у пракат. Стужка знятая паводле апавяданняў Васіля Быкава «На чорных лядах» і «Перад канцом». У ёй апавядаецца пра трагічны лёс паўстанцаў Слуцкага збройнага чына.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя