Беларускае вершаванае слова гучала ў Свята-Пакроўскім саборы
Беларускае вершаванае слова прагучала ў зале Свята-Пакроўскага сабора ў Гародні. Там адбыўся вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песьні. Галоўныя героі вечарыны: адзінаццаць гарадзенскіх паэтаў, якія сталі аўтарамі зборніка, аднайменнага фэсту, „Каложскі дабравест”.
Пра творчую супрацу праваслаўнай Царквы й паэтычнага цэху Гародні кажа паэт Анатоль Брусэвіч – укладальнік кнігі.
– Усё нараджалася з сяброўства паміж мной і айцом Паўлам Каспяровічам. У нас даўно ўзнікла ідэя падвышаць ровень агульнай культуры ў літаратурным плане ў гарадзенцаў, прывіваць літаратурныя густы. Вось гэтая ідэя паступова рэалізоўвалася праз розныя мерапрыемствы, праз паэтычныя спатканні і нарэшце вырасла да зборніка. І паколькі я з’яўляюся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а айцец Павал прадстаўле праваслаўную царкву, то атрымалася супраца нібыта паміж Епархіяй і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Сярод старэйшых літаратараў, якія сталі суаўтарамі зборніка: Данута Бічэль і Юрка Голуб. Зборнік знойдзе свайго чытача, бо гарадзенцы цікавяцца паэзіяй і літаратурай, нягледзячы на малы наклад такога кшталту выданьняў – усяго 200 асобнікаў. Кажа адзін са старэйшых паэтаў Гародні Юрка Голуб.
– Для мяне асабіста гэта ўпершыню ўдзельнічаць у такім выданні. І гэта прыемна і зразумела, што лепш пазней, чым ніколі. Таму што падобныя выданні выходзяць не такімі вялікімі тыражамі. Паўдзельнічаць у такім выданні як “Каложскі дабравест” – гэта для аўтара вельмі прэстыжна.
Сярод удзельнікаў былі ня толькі гарадзенцы, але й госьці: іераманах Іаан ( Алег Бембель), бард Андрэй Мельнікаў. На імпрэзе ўдзельнікі маглі ня толькі сустрэцца з аўтарамі кнігі „Каложскі дабравест”, але й набыць яе.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара