Беларускай Цётцы сёння – 145 гадоў



15 ліпеня беларускай грамадска-культурнай дзяячцы, асветніцы, пісьменніцы, артыстцы тэатра, педагогу і выдаўцу Цётцы (Алаізе Пашкевіч, 1876-1916) спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзілася  Цётка на Шчучыншчыне. Была родам са шляхецкай сям’і. Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—1904 гадах вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах Лесгафта ў Пецярбургу, а атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцці. Курсаў Лесгафта Алаіза Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.

У 1904 годзе Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фельчаркай у Нова-Віленска лякарні. Была дзяячкай Беларускай сацыялістычнай Грамады. Пад пагрозай арышту вымушана ў 1905 годзе на нейкі час пакінуць Вільню, але хутка вярнулася і прыняла ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля». Потым паехала ў Галіцыю, дзе паступіла вольнаю слухачкай на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Займалася вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Матэрыяльная незабяспечанасць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх. У 1908—1909 гадах Алаіза Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце (да 1911года), пад чужым пашпартам наведвае Расейскую імперыю. У эміграцыі выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 годзе яна пачынае выдаваць у  Менску часопіс для моладзі «Лучынка». Каб паправіць здароўе, на некаторы час выязджае ў Фінляндыю і Швецыю. У 1915 годзе Алаіза Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку.

У 1916 годзе ў пісьменніцы памёр бацька. І Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце тады лютавала эпідэмія тыфу. Беларуска засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла.

Падчас вучобы Алаізы Пашкевіч у Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», Алаіза Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Асяроддзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазіцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленне працоўных, нацыянальнае вызваленне беларусаў. Тады ж пачалася і літаратурная творчасць славутай беларускі. У нелегальных выданнях гуртка «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» былі змешчаны яе вершы «Мужык не змяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе». Самымі раннімі з вядомых вершаў Цёткі лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі. Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік «Хрэст на свабоду» (1906), які ўвасабляў рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў зборнік вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі.

Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе хрэстаматыйнай лірыкі. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі. Пяру Цёткі належаць таксама кніжкі і падручнікі для дзяцей «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра і іншыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя