Беларускамоўная літаратура на фэсце вышыванкі ў Гародні
На градзенскім фэсце вышыванкі, які праходзіць у дворыку ля Цэнтра гарадскога жыцця, увазе ўдзельнікаў прадстаўленыя дзясяткі кніжак аўтарства нацыянальных і замежных літаратараў па-беларуску.
Кажа прадавец з Менска, які прыехаў на свята ў Гародню, Раман Свірскі:
– Пераклады. Смакавітыя пераклады. У нас ёсць “Маленькі прынц”, “Карлік Нос”, а таксама трылогія«Пэтсан і Фіндус» – гэта тыя, якія нашы мовазнаўцы пераклалі адразу з замежнай мовы, у адрозненне ад савецкіх часоў, калі спачатку перакладалася на мову “старшага брата”, а пасля ўжо на мовы народаў. Таму сучасныя пераклады – гэта самая смакавітая рэч. Раім усім іх мець. Яны павінны быць у кожным доме, дзе жывуць адукаваныя сем’і, людзі, якія сябе паважаюць. Гэта павінна быць у кожнага.
Некалькі аўтараў ужывую прадставілі свае кнігі. Кірыл Стаселька вядомы не толькі як аўтар кніжак „Дзіцячы маніфест” і „Маргіналіс”, якія выйшлі нядаўна, але і як арганізатар па вырабе беларускіх нататнікаў. Пакуль іх выйшла з друку шэсць. Але Кірыл спадзяецца пашырыць іх разнастайнасць.
– Нататнікі да 500-годдзя беларускага кнігадруку, якія мы зрабілі ў межах праектаў InfoGrapher.by і “Чытаем беларускую”. Я аматар добрай канцылярыі, прыгожай, якаснай. Так ужо атрымалася, што займаўся праектам дызайнерскім, таксама з’яўляюся літаратарам, таму ўсё так атрымалася на стыку. Узнікла ідэя стварыць добрую, якасную прадукцыю, серыю 6 нататнікаў з беларукімі класікамі, беларускімі аўтарамі.
У рамках фэсту – прэзентацыі кнігадруку, сувеніраў, выступы паэтаў, пісьменнікаў. А таксама конкурсы, гульні і забавы, якія маюць завяршыцца а 20-й гадзіне.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара