Беларускамоўныя паштоўкі да Дня Перамогі
Паштоўкі, прысвечаныя 9 траўню – Дню Перамогі, у Беларусі пачалі выпускацца ў другой палове 1960-х гадоў. У асноўным гэта былі рускамоўныя выданні, але сяды-тады траплялі і беларускамоўныя. Ці на паштоўцы проста было напісана – 9 мая.
Выданнем беларускамоўных паштовак у той час займалася выдавецтва “Беларусь” і Менскі паліграфкамбінат імя Якуба Коласа. Беларускамоўныя паштоўкі афармлялі мастакі В.Ярэська, Ул. Шолк, А.Талмачоў, М.Гаўрыловіч, фотаздымкі да паштовак рабіў Георгій Ліхтаровіч і іншыя фотамайстры. Наклад паштовак дасягаў ад 30 да 100 тысяч асобнікаў.
Больш актыўна беларускамоўныя паштоўкі, прысвечаныя Дню Перамогі, пачалі выпускацца ў Беларусі ў 1990-х гадах. На паштоўках па-беларуску пісаліся тэксты: “Са святам Перамогі”, “9 мая – Дзень Перамогі”, “Са святам Вялікай Перамогі”, “Са святам Перамогі, Беларусь!” і г.д. Амаль на кожнай паштоўцы быў адлюстраваны, і гэта працягваецца сёння, ордэн Перамогі, ці плошча Перамогі ў Менску. Нешта новае і арыгінальнае, прысвечанае Дню Перамогі, на паштоўках так і не з’явілася. Хаця сёння Белпошта стараецца выпускаць шмат цікавых і якасных беларускамоўных паштовак да Дня Перамогі. Прапаную некалькі беларускамоўных паштовак са сваёй уласнай калекцыі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя