Беларускамоўныя велікодныя паштоўкі
На Беларусі з ХІХ і да пачатку ХХ стагоддзяў у хаджэнні былі паштоўкі іншых краін свету, часцей за ўсё з надпісамі на польскай ці расейскай мовах. Беларускамоўныя рэлігійныя паштоўкі ў першай палове ХХ стагоддзя не выдаваліся, а гэта былі розныя самаробныя паштоўкі са святамі, у тым ліку і з Вялікдзенем. Шэраг беларускамоўных велікодных паштовак з’явілася на эміграцыі.
Самаробная паштоўка-віншаванне «Хрыстос Уваскрос» была зроблена ад імя Вацлава Пануцэвіча, як кіраўніка Згуртавання беларускіх скаўтаў на чужыне ў Ватэнштэце ў 1947 годзе. На чатырох старонках з чорна-белым малюнкам, з тэкстам віншавання і вершам «Вялікдзень». Самаробная велікодная паштоўка «Хрыстос Уваскрос» з’явілася, дзякуючы Святаславу Коўшу таксама ў 1947 годзе.
Паштоўка «Хрыстос Уваскрос!» з выяваю беларускага атрада, над якім лунае Бог. Унізе надпіс: «Уваскрэсьне Праўда – Уваскрэсьне Беларусь!». Адваротны бок паштоўкі пусты. Паштоўка была выдадзена ў Нямеччыне ў канцы 1940-х гадоў. У Канадзе была выпушчана паштоўка «Хрыстос Уваскрос» з малюнкам дзяўчынкі з гусямі. На адвароце ёсць пазнака: «Друкарня »Беларусь«. Таронта».
Яшчэ адна паштоўка з серыі «Хрыстос Уваскрос» пабачыла свет. На ёй намаляваная выява Ісуса Хрыста над руінамі Наваградскага замка. Ніжэй чатыры радкі верша Алеся Салаўя і надпіс «Хрыстос Уваскрос». Усе надпісы зробленыя лацінкай. Гэта паштоўка вядома ў розных каляровых варыянтах. На адвароце пазначаны выдавец – Згуртаванне беларускіх вэтэранаў, Брысбэн (Аўстралія), 1953 год. Была выдадзена і паштоўка з серыі «Хрыстос Уваскрос», дзе намалявана выява ўваскрослага Ісуса Хрыста і надпіс «Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне Беларусь!». Паштоўка вядома ў розных каляровых варыянтах. На адвароце пазначаны ініцыятар выдання: Брацтва Сьв. Юр’я БАПЦ і выдавец – Згуртавання беларускіх ветэранаў, Брысбэн (Аўстралія), 1953 год.
Паштоўка «Хрыстос Уваскрос» выдавалася і Згуртаваннем беларускай моладзі Амерыкі ў Кліўлендзе. Вокладка з фотаздымкам у зялёным колеры. На развароце верш «Вялікдзень, Вялікдзень! Янкі Купалы.
Выдавалася і паштоўка »Хрыстос нарадзіўся«. На першай старонцы гэтай паштоўкі адлюстраваны малюнак з выявай Маці Божай з немаўляткам, на развароце – віншавальныя словы па-беларуску. Час і месца выдання невядомыя.
Сучасныя беларускія велікодныя паштоўкі пачалі зʼяўляцца толькі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. Да гэтага часу ў Беларусі сваёй нацыянальнай паштоўкі на рэлігійную тэму не было.
Найперш шчыра адгукнулася на выданне беларускамоўных велікодных паштовак выдавецтва «Беларусь» і Белпошта. Арыгінальныя святочныя паштоўкі пабачылі свет, дзякуючы мастакам Ніне Сакаловай-Кубай і Ірыне Лобан – «Свята Вялічка – з чырвоным яечкам!», Уладзіміру Вішнеўскаму – «Хрыстос Уваскрос», мастаку Я.Барысаву – «Са святам Вялікадня!», мастаку Н. Кузьмянковай – «З Вялікаднем!», фатографу І.Дзяргілёву – «Са святам Вялікадня!», ды іншыя.
Выдавец Ігар Віркоўскі ў 2000 годзе праз выдавецтва Беларускага экзархата таксама выпусціў шэраг велікодных беларускамоўных паштовак «Хрыстос Уваскрос!».
Беларускамоўнымі велікоднымі паштоўкамі пачалі віншаваць сваіх сяброў розныя дэмакратычныя партыі. Амаль усе паштоўкі былі выдадзены па-беларуску, асабліва актыўна гэта рабілі сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Да сённяшніх дзён Белпошта вельмі актыўна выпускае розныя беларускамоўныя паштоўкі і ёй шчыры дзякуй. У тым ліку і паштоўкі да Вялікадня. Дзякуючы індывідуальным прадпрымальнікам Сяржуку і Тамары Бахунам беларусы маюць мажлівасць павіншаваць велікоднымі паштоўкамі сваіх родных і блізкіх людзей. Дарэчы, Берасцейскі адукацыйна-асветніцкі цэнтр імя Уладзіміра Калесніка, якім кіруе Святлана Варонік, часта наладжвае выставы розных беларускіх паштовак. У тым ліку – і выставу велікодных паштовак.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя