“Беларускаму Левітану” Іллі Кургану – 90 гадоў
90 год спаўняецца “залатому голасу Беларусі”, “беларускаму Левітану” – Іллі Кургану. 40 год краіна прачыналася і засынала пад яго мяккі барытон. Адмыслоўцы заўжды адзначалі яго вышэйшы ўзровень культуры літаратурнага вымаўлення. Заслужаны артыст, сябар Саюза тэатральных дзеячаў, прафесар дзяржакадэміі мастацтваў ды ўніверсітэта культуры сустракае юбілей у атачэнні сваіх прыхільнікаў і вучняў. Мэтр эксклюзіўна распавёў Віталю Сямашку пра пачатак творчай кар’еры.
– Гэта не псеўданім, гэта прозвішча маёй роднай маці. Мне на радыё сказалі, што неяк лепш будзе гучаць, больш арганічна, калі б чытаў Курган. Калі быў студэнтам, я першы набор і першы выпуск, я прыйшоў і кажу: пра мяне Купала пісаў. І яны так глядязць – „здзірванелы курган векавечны”. Цяпер я думаю, можа і праўда я векавечны. 90 гадоў ужо.
Курган не чакае дзяржаўных узнагародаў “з нагоды”, бо публічна выказваўся супраць прыніжэння беларускай мовы існуючым рэжымам. Аднак у юбілейны дзень неаднаразова прагучыць вядомая ўсёй краіне лічылка – “нам не трэба Левітан, ёсць у нас Ілля Курган”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя