Альгерд Бахарэвіч у шорт-лісце на прэстыжную літаратурную прэмію
У шорт-ліст фінала Цэнтральнаеўрапейскай прэміі Angelus увайшоў польскі пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы» ў перакладзе Ігара і Яна Максімюкоў, выдадзенай цэнтрам «Памежжа – мастацтваў, культур, нацый».

Сёння, 13 кастрычніка, пісьменнік сустрэўся з чытачамі і калегамі ва ўроцлаўскім Доме літаратуры, дзе распавёў прысутным пра ідэі, якія ўклаў у гэтую кнігу.
Кажа Альгерд Бахарэвіч:
– Гэты раман я напісаў у Гамбургу ў 2008, у 2009-ым ён выйшаў у Беларусі, а ў 2010 ён выйшаў у нямецкім перакладзе. На той час Беларусь уяўляла сабой яшчэ не фашыстоўскую дзяржаву, як цяпер. Гэта быў час яшчэ постмадэрнісцкай дыктатуры, постмадэрнісцкага аўтарытарызму. І мне на той час былі вельмі цікавыя вось гэтыя пакаленні людзей, якія выраслі і якія рабіліся дарослымі ўжо пры Лукашэнку, пакаленне людзей, якое не заспела нават таго кароткага перыяду адноснай свабоды, якую мы мелі ў пачатку 90-х.
Цэнтральнаеўрапейская літаратурная прэмія Angelus – прэстыжная літаратурная прэмія, якая фінансуецца горадам Уроцлаў і прысуджаецца ў галіне празаічных твораў, напісаных на польскай ці перакладзеных на польскую мову.

Беларускае Радыё Рацыя
