Беларускаму Сакрату споўнілася б 85
З беларускім пісьменнікам з Беласточчыны Сакратам Яновічам (1936-2013), якому 4 верасня споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння, я пазнаёміўся 22 красавіка 1989 года ў Слоніме, хаця яго творы ў беларускім беластоцкім тыднёвіку “Ніва” чытаў даўно. Тады ён з групай гарадзенскіх літаратараў наведаў Слонім, пабываў у рэдакцыі раённай газеты, дзе адбылася творчая гутарка пра сучасны стан беларускай літаратуры, пра ўзаемаадносіны літаратур краін-суседзяў. У канцы сустрэчы Сакрат дастаў з партфеля сваю кнігу на польскай мове “Belarus, Belarus” і хуценька паставіў аўтограф: “Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку. Сакрат Яновіч. 22.04.1989. Слонім”.
У другой палове 2000-х гадоў сустракаўся з ім часцей. Ён любіў гутарыць з тымі, хто прыязджаў з Беларусі. Хаця з Сакратам Яновічам размаўляць любілі многія, і ён любіў і паважаў усіх. Праўда, з ім не так і проста было весці гутарку, асабліва ў апошнія гады яго жыцця. Ён быў шмат чым незадаволены і пра гэта адкрыта казаў. Але спадар Сакрат быў шчаслівы і радаваўся тым, чым ён займаўся, радаваўся сустрэчам, радаваўся беларускасці, якою жыў. Ён заўсёды быў адкрыты, як дзверы ў бацькоўскую хату. Не ведаю, можа толькі з асобнымі людзьмі ён мог шчыра гутарыць, разважаць, казаць праўду-матку. Вядома, ён быў і застаўся сучасным чалавекам у літаратуры і ў жыцці. Іншая рэч, што ён, як старэйшы па гадах, любіў свой час, сваё пакаленне. Але Сакрат Яновіч любіў і нас, хаця прэтэнзій да маладых і не толькі да творчых людзей, у яго было нямала. Неяк сядзім з ім, гутарым, а ён кажа: “Вось унучка ў мяне, калі ёй трэба злотыя і хоча, каб я ёй даў, размаўляе са мной і просіць іх у мяне па-беларуску. А калі злотыя ёсць, дык тады па-польску”. “І вы, вядома ж, адразу ёй даяце злотыя?” — кажу. “Даю, бо на роднай мове ласкава пытае. Як тут не даць!”, — адказваў Сакрат.
Я аднойчы ў Сакрата запытаўся, а чаму вашыя бацькі далі вам такое рэдкае імя — Сакрат? Можа, гэта ў гонар старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата? Ці ведалі вашы бацькі пра грэчаскую філасофію? “Гэта мяне маці так назвала. Яна была ў бежанстве ў Расіі за Самараю. Там пэўны час хадзіла ў расейскую школу. І аднойчы яе настаўніца пасадзіла са сваім сынам за адну парту. А таго сына звалі Сакрат. Мама дрэнна вымаўляла словы па-расейску, дык ёй заўсёды дапамагаў сын настаўніцы. І калі мае бацькі вярнуліся з тае няшчаснае Расеі на Радзіму, і калі мама выйшла замуж і нарадзіўся я, то яна заўпарцілася і ахрысціла мяне Сакратам. Хаця яна зусім не разумела і не ведала пра Сакрата нічога. Але ў яе памяці заўсёды быў той расейскі хлопчык Сакрат. У школе спачатку смяяліся, бо не разумелі майго імя. Называлі мяне — крот. Але аднойчы святар Антон Савіч у сваёй пропаведзі згадаў, што быў такі грэчаскі філосаф, які пацвердзіў, што чалавек мае душу, што мудрасць — аснова высокамаральных учынкаў. Тады ўсе ад мяне адсталі”, — распавядаў Сакрат Яновіч.
Падчас сустрэч з Сакратам Яновічам, я стараўся запытацца ў яго пра ўсіх, хто быў родам з яго родных Крынак, што на Беласточчыне. Пытаўся і пра Янку Геніюша з Ларысай Геніюш. І ён з цікавасцю распавядаў.
У Крынках Сакрат Яновіч пісаў найчасцей прозу і вёў свае дзённікі, бо заўважыў, што дзённікаў ніхто не піша. Пісаў ён у апошні час вельмі марудна. Ды, як ён казаў, наша сялянскае асяроддзе не любіць пісаць дзённікаў. Ён запісваў факты, якія адбываліся і якія хутка знікнуць, і пра іх ніхто не будзе нічога ведаць. А для нашчадкаў жыццёвыя факты трэба захаваць. І ён занатоўваў іх. У апошні час Сакрат Яновіч часта мне казаў, што беларускую літаратуру, культуру, мастацтва трэба еўрапеізаваць. Таму што ўвесь час беларуская літаратура з’яўляецца філіяй расейскай, а так не павінна быць.
Нагадаю, што беларускі пісьменнік з Беласточчыны напісаў і выдаў дзесяткі кніг, сярод якіх – “Загоны”, “Не пашанцавала”, “Сцяна”, “Сярэбраны яздок”, “Самасей”, “Малыя дні”, “Не жаль пражытага” і многія іншыя.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя