Беларуская Акадэмія правяла чарговую дыскусійную кафедру
Беларуская Акадэмія правяла чарговую дыскусійную кафедру. Гэтым разам яна была прысвечана тэме «Беларусь на цывілізацыйным разломе».

Кажа кіраўнік Беларускай Акадэміі Святлана Куль-Сяльверстава:
– Мы правялі яшчэ адну кафедру – гэта ў нас дыскусійная пляцоўка. Вельмі ўдала правялі, я лічу, на тэму «Беларусь на цывілізацыйным разломе». Зараз рыхтуем выкласці відэа на ютуб. Дыскусія была вельмі гарачай. Мне спадабалася, што далучыліся людзі не з Акадэміі, а проста прынялі ўдзел некалькі чалавек, якія задавалі пытанні і спрачаліся з нашымі спікерамі. Вельмі было бурна і актыўна, доўжылася дзве з паловай гадзіны. І да цікавых момантаў прыйшлі. Я думаю, слухачам будзе цікава паглядзець.
Асобныя матэрыялы дыскусіі будуць апублікаваныя ў часопісе Беларускай Акадэміі «Беларусы і свет». Дарэчы, неўзабаве выйдзе другі нумар часопіса, у якім можна будзе прачытаць стэнаграму першай дыскусійнай кафедры, – яна была прысвечана тэме «Нараджэнне нацыі».
Беларускае Радыё Рацыя
