“Беларуская хатка” – 7 гадоў “капітальнага рамонту” і занядбання



Музей Максіма Багдановіча ў Менску адчыніўся у год абвяшчэння Незалежнасці Беларусі і шмат што ў лёсе музея пераклікаецца з лёсам нашай краіны. Філія музея “Беларуская хатка” была адчыненая 25 чэрвеня 1991 года.

Але ўжо сем гадоў “Беларуская хатка” не дзейнічае, тут ідзе “капітальны рамонт”. Пра гэта паведаміў супрацоўнік музея, які таксама сказаў, што наведнікаў музей не прымае, бо ў будынку няма вады, і нават для бытавых патрэбаў ваду трэба набіраць у бліжэйшым інтэрнаце.

Можна падлічыць, колькі людзей за сем год не наведалі музей, не атрымалі веды па беларускай культуры.

IMG_4523

Экспазіцыя была прысвечаная менскаму перыяду жыцця паэта і беларускаму-грамадскаму руху пачатку ХХ стагоддзя. Інтэр’ер аднаўляўся паводле ўспамінаў Зоські Верас. Тады нават Менская шпалерная фабрыка рабіла адмысловыя шпалеры, паводле ўзораў пачатку 20-га стагоддзя, знойдзеных на сценах дома.

Адна з задачаў, якая ставілася перад музейнымі супрацоўнікамі, – аднаўленне духу культурніцкіх вечарын пачатку 20-га стагоддзя. Менавіта таму тут не толькі праводзіліся экскурсіі, але і паказвалі спектаклі старажытнага лялечнага тэатру Батлейка. Ад пачатку стварэння філіі тут працавалі: грамадскі дзеяч Сяржук Вітушка, Тацяна Равяка (цяпер праваабаронца), загадчыкам філіі быў паэт Едрусь Акулін. Дырэктарам музея у той час быў Алесь Бяляцкі.

Філія месціцца ў доме, пабудаваным у 1904 годзе на вуліцы Мала-Георгіеўскай (вул. Талстога). У 80-х гадах ХХ ст. намаганнямі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі дом быў уратаваны ад зносу і перанесены на завулак Рабкораўскі.

Менавіта тут з кастрычніку 1916 году па люты 1917 году жыў Максім Багдановіч падчас апошняга прыезду ў Менск.

[Not a valid template]

У гэтым доме напісаныя “Страцім-лебедзь” і “Пагоня”, надрукаваныя ў газеце “Вольная Беларусь”, 1917, №32, 30 лістапада. “Нягледзячы на хваробу ён (Багдановіч) і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38-39. У такім стане, паводле сведчання Аркадзя Смоліча, быў ім напісаны ў час службы верш “Пагоня”. Расказваючы пра гэта за абедам Аркадзю Смолічу, паэт дадаў “У гарачцы пішацца лёгка” (Творы М.Багдановіча. 1928.Т.2. С.LIIІ).

 Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя