„Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939” у інтэрнэце
Нацыяльная бібліятэка Беларусі зрабіла яшчэ адзін істотны крок у стварэнні нацыянальнай электроннай бібліятэкі. У інтэрнеце з’явілася электронная калекцыя „Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”
Кажа намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша:
– Натуральна, што сёння мы вельмі актыўна працуем над стварэннем электроннай бібліятэкі, якая ўжо сёння часткова даступная онлайн, часткова недаступная. Ідзе істотны рух у плане стварэння Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, якая змагла б вырашыць шматлікія пытанні. Трэба яшчэ шмат што зрабіць, але ўжо сёння мы адлічбавалі каля паўмільёна дакументаў з нашых фондаў.
Новы віртуальны рэсурс змяшчае 270 найменняў беларускіх перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі БССР і Заходняй Беларусі з 1919 па 1939 гады. Гэта больш за 4 тысячы нумароў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя