Беларуская прырода за тысячу гадоў



Унікальную кнігу выдаў беларускі пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Яна называецца “Быў знак на небе, або Прырода Беларусі ў з’явах і падзеях”.

Пісьменнік сабраў найцікавейшыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваных у розных летапісах і старонках друкаваных выданняў. Падобнага выдання ў Беларусі яшчэ не было. Гэта своеасаблівы летапіс-энцыклапедыя, пачынаючы з 1002 і да 2000 гадоў. Як напісаў у прадмове да выдання вядомы беларускі літаратар Віктар Карамазаў, кніга Уладзіміра Ягоўдзіка “дае нам не толькі багатыя веды сваёй святой мінуўшчыны, але і вучыць, як трэба жыць у гармоніі з зямлёй і небам, роднай прыродай”.

0_6184e_71c930c3_XL

А цяпер давайце трохі пагартаем кнігу Уладзіміра Ягоўдзіка і заглянем у мінуўшчыну беларускай прыроды, паглядзім, што яна сабой уяўляла і якой была 1000 гадоў таму, 600, 500, 300 і 100 гадоў назад. А таксама, як яе раней ушаноўвалі, аберагалі і што пра яе пісалі.

У 1002 годзе з неба плылі зоркі і было шмат дажджоў (Патрыяршы, ці Ніканаўскі летапіс).

У 1007 годдзе ўсюды панавалі голад і мор, зусім вылюднелі вёскі і гарады (Глогер).

У 1042 годзе пачаўся жахлівы паморак на коней. Людзі з жывых коней здзіралі скуру (Іпацьеўскі летапіс).

У 1117 годзе месяца верасня 26 дня трэснулася зямля. Уладзімір вывеў з Менеска Глеба (Аповесць мінулых гадоў).

У 1318 годзе ў Віцебску тры гады панаваў паморак (Летапіс Панцырнага і Аверкі).

0_61f6f_d7791d88_XL

У 1364 годзе была надзвычай суровая зіма. Ад моцных маразоў гінулі звяры, здыхалі птушкі і свойская жыўнасць (Стрыйкоўскі).

1454 г. Кароль Казімір IV Ягелончык быў зацятым паляўнічым. Ад яго трапных стрэлаў у Белавежскай пушчы загінула шмат звяроў, тураў і ласёў (Карцаў).

У 1542 годзе на Літоўскую зямлю і Ляшскую прыйшла саранча. Яна паела збажыну і траву каля Бярэсця, Менска, Свержана, Койданава, Івянца (Еўраінаўскі летапіс).

У 1653 годзе на Дняпры адбылася надзвычай вялікая паводка. У канцы красавіка вада паднялася на 12 метраў (Барысенкаў, Пасецкі).

У 1759 годзе Геранім Фларыян Радзівіл загадаў адлавіць пад Слуцкам для каралеўскага палявання звяроў. У Варшаву прывезлі шмат мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, а таксама лісіц і сарнаў (Завіша, Мальдзіс).

У 1813 годзе ў слонімскіх лясах развялося шмат мядзведзяў. Нельга было трымаць борці і сеяць паблізу авёс, бо гэтыя літоўскія львы часта ладзілі там свае гульбішчы (Пржацлаўскі).

У 1861 годзе заалагічная калекцыя Канстанціна Тызенгаўза налічвала больш за 2,5 тысяч адзінак, у тым ліку 1203 птушыныя чучалы і 625 яек. Гэты скарб вучоны перадаў у Віленскую археаграфічную камісію. Пасля скасавання камісіі экспанаты вывезлі ў Расію (Зямчонак).

uklejki1

У 1924 годзе ўбачыў свет “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, складзены Зоськай Верас (Людвікай Антонаўнай Войцік-Сівіцкай). У слоўніку пададзена 424 беларускія назвы раслін і г.д., г.д.

Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка прыгожа аздоблена каляровымі фотаздымкамі, а таксама ў афармленні выкарыстаны малюнак з “Радзівілаўскага летапісу” і гравюры беларускага мастака 17 – пачатку 18 стагоддзяў Аляксандра Тарасевіча з серыі “Месяцы года”, надрукаваныя ў кнізе “Rosarium” (1672).

uklejki

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.