Беларуская Рада культуры абвяшчае збор сродкаў на аднаўленне дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча



Дзеля аднаўлення дзейнасці вядомага выдавецтва Андрэя Янушкевіча Беларуская Рада культуры запускае магістрат «Кнігаўка».

«Магістратам мы называем суполку беларусаў, якія дамаўляюцца цягам пэўнага перыяду падтрымліваць перспектыўныя праекты беларускай справы вызначанаю сумаю грошай», — тлумачыць сутнасць праекта, з’ініцыянаванага гісторыкам і менеджарам Цімафеем Акудовічам, прадстаўніца ў сувязях з грамадскасцю Рады культуры Ірэна Кацяловіч.

Магістрат дзейнічаем такім чынам: удзельнік ці ўдзельніца кампаніі падтрымлівае прапанаваную ініцыятыву штомесячнымі данатамі. У выпадку магістрата «Кнігаўка» — гэта сума ў 10 альбо 20 даляраў у месяц на працягу паўгады — з 22 снежня па 23 чэрвеня. Падпісацца на ахвяраванне на карысць “Кнігаўкі” можа кожны.

Сродкі чальцоў пайдуць на тое, каб Андрэй Янушкевіч зарганізаваў эфектыўную працу свайго выдавецтва і каб беларусы за мяжою пабачылі новыя беларускія кнігі.

Андрэй Янушкевіч плануе выдаць у бліжайшыя тэрміны: “Кароль” Шчэпана Твардаха, “І ўзыходзіць сонца…” Эрнэста Хэмінгуэя, новыя кнігі беларускіх аўтараў Евы Вайтоўскай, Альгерда Бахарэвіча, Валера Гапеева, Аляксандра Кудрыцкага. Выдавецтва таксама вяртаецца да рыхтавання перакладаў серыяў пра Гары Потэра Джоан Роўлінг, “Ведзьмара” Анджэя Сапкоўскага, “Гаспадара Ледзянога Саду” Яраслава Гжэндовіча.

Гэтаксама падтрымка чальцоў магістрата «Кнігаўка» дапаможа выдаўцу наладзіць распаўсюдніцкую дзейнасць, прасоўванне кніг і іх продаж.

Нагадаем, што выдавецтва “Янушкевіч” было адным з самых паспяховых у Беларусі, пакуль яго не знішчылі ўлады. Некаторыя кнігі выдавецтва былі прызнаныя дзяржавай “экстрэмісцкімі”, а кнігарня “Кнігаўка”, якую “Янушкевіч” адкрыў у Менску 16 траўня 2022 года, закрылася ў той жа дзень: спачатку туды прыйшлі беларускія прапагандысты, а пасля – сілавікі з ператрусам. Уладальніка выдавецтва затрымалі, ён правёў у зняволенні 28 дзён.

Цяпер Андрэй Янушкевіч у Польшчы, дзе хоча аднавіць сваю справу.

У магістраты «Кнігаўка» прапануюцца два тарыфы — «Прыхільнік/Прыхільніца» і «СуперПрыхільнік/СуперПрыхільніца» — кожны тарыф з адмысловымі «плюшкамі». Дзелімся падрабязнасцямі.

Тарыф “Прыхільнік/Прыхільніца”: 10 даляраў за месяц (магчымае разавае ахвяраванне 60 даляраў).

Чалец магістрату атрымлівае:

– электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам 6 месяцаў);
– прыярытэтны доступ да новых выданняў;
– 10% зніжкі на ўсе кнігі выдавецтва, якія выйдуць цягам магістрату;
– удзел у штомесячных стрымах з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, дзе ён раскажа пра вынікі.

Тарыф “СуперПрыхільнік/СуперПрыхільніца”: 20 даляраў за месяц (магчымае разавае ахвяраванне 120 даляраў).

Чалец магістрату атрымлівае:

– электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам 6 месяцаў);
– прыярытэтны доступ да новых выданняў;
– 10% зніжкі на ўсе кнігі выдавецтва, якія выйдуць цягам магістрату;
– удзел у штомесячных стрымах з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, дзе будуць
– прэзентавацца вынікі праекту і планы;
– эксклюзіўны падарунак ад Андрэя Янушкевіча.

Выйсці з магістрату і адпісацца ад плацяжу можна ў любы момант.

“Кнігаўка” – першая ў праекце “Беларускія магістраты” Беларускай Рады культуры. Арганізацыя плануе запускаць далейшыя кампаніі па падтрымцы культурніцкіх праектаў.

Больш падрабязнасцяў тут.