Беларуская рада культуры: пасля выбараў рэпрэсаваныя сама меней 800 творцаў



Рэпрэсіі адбіліся на ўсёй культуры, нават калі не закранулі кагосьці асабіста.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін у інтэрв’ю расейскай «Новой газете» расказаў, колькі беларускіх творцаў ад пачатку леташніх пратэстаў трапілі пад рэпрэсіі.

 

«Паводле апошніх дадзеных, агулам рэпрэсіі ў Беларусі зазналі каля 40 тысяч чалавек. З іх 800 — дзеячы культуры. Гэта тое, што мы ведаем. Па маіх прыкідках, рэальная лічба як мінімум удвая большая. Але рэпрэсіі адбіліся на ўсёй культуры, нават калі не закранулі кагосьці асабіста. Сітуацыя мёртвая. Усе спробы нешта правесці, нават ціха і акуратна, заканчваюцца налётамі і затрыманнямі. Канцэртныя пляцоўкі яшчэ неяк існуюць за кошт гастроляў палітычна нейтральных выканаўцаў, астатнія пад забаронай», — паведаміў Сяргей Будкін расейскаму выданню.

Таксама ён адказаў на пытанне: ці пазіцыянуе сябе Беларуская рада культуры ў выгнанні альтэрнатывай дзяржаўнаму Мінкульту?

«Мы пазіцыянуем сябе як культурны штаб новай Беларусі. У першую чаргу ўзялі на сябе адказнасць за інфармаванне людзей пра тое, што адбываецца з культурай. Другі напрамак — дапамога. Трэці — стратэгія, абмеркаванне культурных рэформаў. Калі прыйдзе час, трэба нешта пакласці на стол новаму прэзідэнту. І чацвёртае — прадстаўляем Беларусь на міжнародных форумах. Так, на пасяджэнні краін «Усходняга партнёрства», дзе сустракаліся міністры культуры, былі мы, ніякая паважаная структура ў Еўропе не будзе размаўляць з людзьмі Лукашэнкі».

svaboda.org