Беларуская вясна ў Таронта 2018
Дзіцячы фестываль “Беларуская вясна’ 2018” адбыўся 5 траўня ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры ў Таронта.
Праграма фестывалю традыцыйна змяшчала дзве асноўныя часткі: дзіцячы канцэрт і абрад гукання вясны з фольк-гуртом “Яваровы людзі”.
Нашыя госці 2018 году – Украінскі танцавальны калектыў “Desna” (дзіцячая група) станчылі “Гапак” і “Закарпацкі танец”. Рада Зінчук і дуэт Даніэлы й Анэты Радчанка з Star School Academy пад кіраўніцтвам Маргарыты Рамко прадэманстравалі свае спеўныя таленты.
[Not a valid template]
У канцэрце прымалі ўдзел беларускі дзяцячы гурт “Яваровы дзеці” (мастацкі кіраўнік Віялета Кавалёва), а таксама былі і сольныя выступы Сафіі Ліўшыц, Кацярыны Музыкі, Сафіі Кот, Улляны і Марыі Палітыкі. Танчылі на фэсце Зміцер Гайсёнак і Лаура Кветнеўска (бальныя танцы), блізняткі Паўліна і Міхаліна Канаплянікі (стэп і джаз -танцы). Браты Жвалікоўскія гралі на кейбордзе.
Дзіцячы клуб “Размова” пад кіраўніцтвам Кацярыны Віктаровіч зладзілі майстар-клас па вырабу традыцыйных веснавых папяровых птушак, якіх затым дзеткі развешвалі на квітнеючае дрэва, імітуючы сапраўдных птушак, каб паскорыць надыход вясны.
Марыя Зібніцкая рабіла дзеткам цудоўныя размалёўкі твараў і рук. Попытам карысталіся і беларускія ўзоры.
Пасля канцэрту ўдзельнікі фэсту разам з гуртом “Яваровы людзі” вадзілі вясновыя карагоды і гулялі ў беларускія народныя гульні.
Беларуская кухня была прадстаўлена дранікамі, дзерунамі з мясам, блінцамі, у тым ліку блінцамі з мясам і тварагом, салёнымі агуркамі, печанай бульбай з хатняй каўбаскай, квашанай капусткай, бутэрбродамі з салам, аўсяным кісялём, дэсертам “Мазуркай Крохкай” і журавінавым морсам.
Спонсары атрымалі кубкі з гербам Пагоня, напоўненыя беларускімі цукеркамі, а выступоўцы значкі з Пагоняй ці бірулькі “Беларусь”ад Symbal.by.
Ірына Тоўсцік, валанцёр “Беларускай Вясны ў Таронта” 2018:
– Гэта наш 2-гі штогадовы дзіцячы фэст “Беларуская вясна ў Таронта”. З годнасцю можам адзначыць, што наш фэст прыстойна расквітнеў у гэтым годзе, дзякуючы спонсарскай, партнёрскай і валанторскай падтрымцы. Фэст сабраў шмат прыхільнікаў, удзельнікаў і гасцей. Мы ганарымся нашымі таленавітымі дзеткамі і хочам, каб у іх была пляцоўка для выступаў, каб яны маглі дакрануцца да сваёй культуры і да іншых культур, абмяняцца вопытам і традыцыямі. А таксама наш фэст – добрая нагода пазнаёміць канадыйцаў з беларускай культурай.
Беларуская вясна ў Таронта – не толькі выдатная пляцоўка для нашых таленавітых дзетак, але таксама выдатная магчымасць
- пазнаёміцца з новымі сем’ямі, іншымі культурамі,
- павадзіць веснавыя карагоды,
- пакаштаваць беларускія стравы,
- паўдзельнічаць у майстар-класе па майстраванні папяровых птушак,
- ды проста цудоўна правесці час у добрай кампаніі!
Арганізатары фэсту: Згуртаванне Беларусаў Канады ды Царква св.Кірылы Тураўскага ў Таронта
Нашыя партнэры: Фольк-гурт “Яваровы людзі”, Дзіцячы клюб “Размова”, Арт-гасцёўня “На покуці”, Дызайнерская студыя “NUMZ Graphics”
Нашыя спонсары: Transam Carriers Inc., Івонка Сурвіла і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Павел Бягун, Зінаіда Гімпелевіч, Павел Малышэўскі.