Беларуская ялінка ў Гародні



Снягурка, Святы Мікалай, Лесавік ды Балотная пачвара сабраліся ў карагодзе на Беларускай ёлцы, якая прайшла ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Беларускі асяродак, гледзячы па колькасці бацькоў з дзецьмі, якія адгукнуліся на ўдзел у Ялінцы, пашыраецца. На жаль, пакуль ён праводзіцца з прыватнай ініцыятывы. Кажа вядоўца курсаў  „Мова Нанова Гародня” Эмілія Гаўрус:

– Сёлета мы таксама вырашылі арганізаваць Калядную ялінку для дзетак. Гэта адзіная беларускамоўная ялінка ў горадзе. І вось дзякуючы Цэнтру гарадскога жыцця, а таксама героям, якія пагадзіліся ўдзельнічаць – гэта Алесь Дзянісаў і нашыя дзяўчаты-сяброўкі, сябры з “Цудоўні” і крамы “Кубік”, мы арганізуем вось такое свята для дзетак з падарункамі, з героямі, з сюжэтамі, з конкурсамі і карагодамі.

Пра Беларускую ёлку многія бацькі даведаліся праз сацыяльныя сеткі, некаторыя падрыхтавалі карнавальныя строі сваім дзеткам, вывучылі вершы разам з імі. А Святы Мікалай ля ялінкі ўважліва выслухаў падчас гэтае містэрыі кожнага, хто не пабаяўся выступіць.

Некаторыя ўдзельнікі свята прыехалі не толькі з іншых гарадоў Беларусі, але і з іншых краінаў. Кажа адна з удзельніцаў ёлкі:

– Я прыйшла з дзвюмя дачушкамі. Мы адмыслова прыехалі з Варшавы да бабулі і дзядулі, каб трапіць у тым ліку і на гэтае свята. Бо мы былі на ім летась і нам вельмі спадабалася. Гэта адзінае месца ў Гародні і адно з нешматлікіх у Беларусі, дзе можна адчуць сапраўдную беларускую атмасферу Калядных святаў і Новага году.

Паколькі няма на двары снегу, а некаторыя напэўна забыліся, як ён выглядае, адмоўныя персанажы ялінкавай містэрыі – Лесавік і Балотная пачвара пагулялі з дзецьмі ў „снежкі”, якія былі скамечаныя з паперы. У Беларускай ёлцы прымала ўдзел каля сотні малых беларусаў і беларусак. На думку бацькоў, гэта адно з найбольш светлых святаў для іх дзяцей.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня