Беларускі бацька якуцкай літаратуры



Першыя словы на сучаснай якуцкай мове зафіксаваны ў працы “Noord en Oost Tartarye” (Паўночная і Ўсходняя Тартарыя) падарожніка і бургамістра Нікаласа Вітзэна, надрукаванай ў 1692 годзе ў Амстэрдаме на галяндскай мове. Праца “Паўночная і Ўсходняя Тартарыя” была для Заходняй Еўропы адной з асноўных крыніц пра Ўсходнюю Азію і перавыдавалася некалькі разоў у 18 стагоддзі, дзе быў надрукаваны і пераклад на якуцкую мову малітвы “Ойча наш”.

Якуты на ілюстрацыі кнігі 18-га стагоддзя

Доўгі час у Якуціі прытрымліваліся версіі паходжання якуцкай мовы ад старжытнацюрскай, старажытнамангольскай і нейкага пласта невядомай мовы, паводле акадэміка Фрыдрыха Вільгельма Радлова.

Сёння шмат хто прытрымліваецца больш сучаснай версіі ўзнікнення якуцкай мовы, якая больш старэйшая за старажытнацюркскую і старажытнамангольскую мовы. Бо менавіта з якуцкай гэтыя мовы выйшлі.

Да сярэдзіны 19 стагоддзя якуцкая мова мела статус “лінгва франка”. Яе вучылі і карэнныя жыхары Якуціі і расейцы, што прыязджалі. Паводле Вікіпедыі якуцкая мова належыць да цюркскай моўнай групы. У 1917 годзе новы алфавіт на аснове сістэмы фанетычнай транскрыпцыі быў створаны З. А. Наўгародавым. У 1924 годзе алфавіт рэфармаваны. Пазней некалькі разоў яшчэ рэфармаваўся. У 1929 годзе быў заменены на ўніфікаваны цюркскі алфавіт. У 1939 годзе алфавіт перайшоў на кірылічную аснову (па ўсім СССР праводзілася ўніфікацыя). Сёння выкарыстоўваецца ўвесь расейскай алфавіт і 5 дадатковых літар, 2 камбінацыі (адна свісцячая, як у беларусаў, толькі з мяккім знакам) “Дзь, Нь” і 4 дыфтонгі.

…13.10.1858 годa пад Менскам, у адзін год з нараджэннем “бацькі сучаснага іўрыта” з Віцебшчыны Бэн-Егудам, нарадзіўся хлопчык Эдвард Пякарскі, а праз 2 гады каля Гародні нарадзіўся заснавальнік беларусазнаўства Яўхім Карскі… Трое, амаль раўнагодак, будучых сусветнавядомых вучоных з беларускай зямлі заклалі філалагічны падмурак пад дзяржаўнае будаўніцтва  трох краін і народаў і толькі адзін з іх акадэмік Яўхім Карскі пакінуў фундаментальныя творы для роднай зямлі.

Беларус Эдуард Пякарскі, сасланы царом за рэвалюцыйную дзейнасць у Якуцію, здзейсніў там сапраўдны навуковы подзвіг. У надзвычай складаных умовах ён напісаў лепшы на той час слоўнік якуцкай мовы, пра які адзін з пачынальнікаў якуцкай літаратуры Аляксей Кулакоўскі напісаў Эдуарду Пякарскаму, што ён заслугоўвае звання “Бацька якуцкай літаратуры”. Вучоны выступіў у краснаярскай газеце “Сибирские вести” з артыкулам “Значэнне якуцкай мовы ў школах”. Ён абараняў простых якутаў і крытыкаваў губернатара і інспектара вучылішч Якуціі, якія супраціўляліся адкрыццю школ на якуцкай мове: «…Ці разумее спадар інспектар, што ён дазваляе сабе сцвярджаць у афіцыйнай паперы! Назваць мёртвай мову, на якой размаўляе пагалоўна звыш 200 тысяч насельніцтва Якуцкай вобласці, якая распаўсюджана за межы апошняй…”.

Эдуард Пякарскі

Даследнік цюркскіх моў акадэмік Васіль Радлоў (сапраўднае імя Фрыдрых Вільгельм Радлоў, народжаны ў Берліне) пасля выхаду якуцкага слоўніка «беларускага злачынца»  Эдуарда Пякарскага пісаў: “Я не ведаю ніводнай мовы, не маючай пісьмовасці, якая магла б параўнацца па сваёй паўнаце і стараннасці апрацоўкі з гэтым скарбам якуцкага слоўніка, дык і для шматлікіх літаратурных моў падобны слоўнік, на жаль, застаецца яшчэ надоўга жаданай недасягальнасцю”.

Пахаваны Эдуард Пякарскі як і Яўхім Карскі ў Санкт-Пецярбургу на Смаленскіх могілках (толькі лютэранскіх), на 12 гадоў пазней за “бацьку сучаснага іўрыта” і на 3 гады пазней аўтара фундаментальнай працы “Беларусы”.

У памяць пра Эдуарда Пякарскага названа вуліца ў Якуцку, школа, ёсць музей, урад Рэспублікі Саха ўстанавіў 2 стыпендыі яго імя, якое шырока вядома сусветнай супольнасці. У Якуцку пастаўлены памятны знак, які падпісаны на трох мовах.

У 2007 годзе якуты знайшлі грошы на рэстаўрацыю помніка беларусу ў Санкт-Пецярбургу, бо помнік на магіле быў у паўразбураным стане. Польская дыяспара Эдуарда Пякарскага лічыць таксама сваім і праводзіць розныя мерапрыемствы прысвечаныя вучонаму, дамаглася і надпісу на памятным знаку ў Якуцку акрамя расейскай і якуцкай мовы і па-польску.

Памятны знак Эдуарду Пякарскаму ў Якуцку

Якуты пару разоў прыязжалі і на малую радзіму Эдуарда Пякарскага ў Беларусь. Але ў нас не захавалася ні сядзібы, няма ні музея, і пакуль няма нават шыльды ў яго гонар. У бібліятэцы в. Пятровічы Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ёсць толькі тэматычны стэнд прысвечаны памяці вялікага вучонага, падрыхтаваны краязнаўцамі.

Сёння не магчыма ўявіць культуру Ізрайля без Эліэзэра Бэна-Егуды (Перэльмана), культуру Беларусі без Яўхіма Карскага, а культуру Якуціі без Эдуарда Пякарскага. Яны нарадзіліся ў адзін час на беларускай зямлі, але сталі шырока вядомымі за свае фундаментальныя працы ў Ізрайлі, Беларусі, Расеі. А каб гэтыя знакамітыя сыны-раўнагодкі беларускай зямлі ўсе свае веды і здольнасці прысвяцілі толькі Беларусі?

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя