“Беларускі экслібрыс крочыць па свеце”



Незвычайны, прыгожы, вядомы ў свеце. Беларускі экслібрыс ужо апанаваў выставы і прыватныя калекцыі ў розных кутках планеты. Цяпер пазнаёміцца з работамі суайчынніц могуць і наведвальнікі Беларускага Дома ў Варшаве – у грамадскай ўстанове працягваецца выстава твораў Ганны Ціханавай-Йардановай, Таццяны Сіплевіч і Вольгі Крупянковай.

Экслібрыс з латыні даслоўна перакладаецца “з кніг”. Некалі гэта быў мастацка аформлены знак уладальніка ці аўтара. Цяпер – асобная галіна мастацтва, што часам нагадвае гравюры ці выцінанку. Тэма работы залежыць ад замоўцы, тым ні менш, ёсць некалькі асноўных матываў: гэта міфалогія, эротыка і казкі.

Тлумачыць Ганна Ціханава-Йарданова, беларуская мастачка, якая жыве ў Балгарыі:

Экслібрыс – гэта від мастацтва друкаванай графікі, малыя графічныя формы. Фактычна экслібрыс  – гэта кніжні знак, які адпавядае густам уладальніка бібліятэкі. Ён носіць на сабе не толькі візуальную інфармацыю, змяшчае імя ўладальніка.

Сучасны экслібрыс практычна выйшаў па-за рамкі кнігі. Экслібрыс хутчэй з’яўляецца аб’ектам  экспанавання, калекцыянавання і абмену.

Я даволі шмат працую ў галіне эратычнага экслібрысу. Гэта такая мяккая эротыка, мастацтвазнаўцы нават называлі мае экслібрысы філасофскай, інтэлектуальнай эротыкай.

Экслібрыс асабіста для мяне гэта такі сінтэз суіснавання паміж літаратурай і выяўленчым мастацтвам.

Таццяна Сіплевіч:

Я натхняюся беларускай міфалогіяй, не толькі экслібрыс, але і ілюстрацыі да беларускіх загадак. Вось напрыклад гэты твор: “Бег кот, павесіў хвост на плот”, альбо “Дзень і ноч” .

Ёсць тэматычныя экслібрысы. Тэмы могуць быць абсалютна розныя – гэта ўжо як скажа замоўца.  Можа быць і дзіцячая тэма.

Вольга Крупянкова:

Амаль што з дзяцінства ў мяне была такая мара – буду пісаць для дзяцей аповесці і маляваць да іх малюнкі. Пісаць не атрымалася, а вось наконт малюнкаў усё атрымалася добра, таму што я вучылася ў мастацкай школе, потым у вучэльні. А потым вось у акадэміі мастацтваў. Таксама малюнкі напрацягу доўгага часу для ілюстрацыі – гэта таксама значная для мяне рэч. Я шмат іх малявала. Гэта мара з дзяцінства. Гэты свет казак і дзяцінтва прысутнічае амаль ва ўсіх маіх работах, таму што гэта мой светапогляд. Гэта вобразы, якія існуюць. Як напрыклад, каток – ён вялізны, а дзяўчынка ў параўнанні з ім маленькая. Гэткая дзіцячая калыханка. Але сэнс у тым, што гэта такі вялізны, цікавы, казачны звер.

Мастачкі дадаюць, што замовы на іх творы паступаюць з усяго свету, а беларуская графіка ўжо даўно прызнаная на міжнароднай арэне.

Ганна Ціханава-Ярданова:

Не толькі Усходняя і Заходняя Еўропа. Мы пашырыліся да такіх краінаў як Кітай, Японія, Аўстралія. З гонарам сёння можам сказаць, што беларускі экслібрыс крочыць па свеце. Нас ведаюць, і гэта вельмі прыемна.

Таццяна Сіплевіч дадае:

Геаграфія экслібрысу – гэта ўвесь сусвет. І міжнародныя выставы арганізуюцца ўжо шмат шмат год, у якіх мы ўдзельнічаем. І шмат калекцыянераў з розных краінаў. Гэта і Кітай, гэта і Расея, Нідэрланды, Бельгія, Беларусь.

[Not a valid template]

 

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара