Беларускі энцыклапедыст, які шмат ведаў



29 кастрычніка літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу (1938-2012) спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Янка Саламевіч, 1980 г.

Нарадзіўся Янка Саламевіч у вёсцы Малая Кракотка Слонімскага раёна. Скончыў Вялікакракоцкую сярэднюю школу, філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру.

Янка Саламевіч пачаў друкавацца ў 1955 годзе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, М. Арла, Зоські Верас і іншых беларускіх дзеячаў. Аўтар першага ў Беларусі “Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XIX — XX cтст)” (1983), манаграфіі “Міхал Федароўскі” (1972).

Манаграфія “Міхал Федароўскі”, прысвечана чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе аўтар разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.  

Барыс Мельнікаў, Янка Саламевіч і Генадзь Каханоўскі.

Сотні артыкулаў Янкі Саламевіча змешчаныя ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Ён напачатку 1980-х гадоў вёў на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу “Роднае слова”.

Янка Саламеві шмат ведаў і плённа працаваў. Ён склаў бібліяграфічны даведнік “Беларускі фальклор (1926 —1963)” (1964), кнігі “Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы” (1984, з Арсенем Лісам), зборнікі Гальяша Леўчыка “Доля і хлеб (1980), М. Арла “Лірнік” (1991), Янкі Купалы “Вершы і паэмы” (1991, на рускай мове), “П’есы XIX — пачатку ХХ ст.” (1998), выбраныя творы Яна Чачота “Свяцязь” (1999), зборнікі “Беларускія загадкі” ( 1982, 1989), “Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скарагаворкі” (1983), літаратурна-мастацкі каляндар “Кола дзён” (1987, 1988), у сааўтарстве), “Каляндар памятных дат 2001” (2001). На беларускую мову пераклаў манаграфію “Беларуская казка” і паказальнік “Сюжэты і матывы беларускіх народных казак”, падручнік “Гісторыя беларускай савецкай музыкі”, аповесць “Адысей з Беларусі” Валерыя Гузанава, “Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружаны” Льва Патоцкага і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя