Беларускі культурны цэнтр адкрыецца ў Пекіне
У траўні гэтага года ў Пекіне адкрыецца беларускі культурны цэнтр, паведаміла на прэс-канферэнцыі 10 студзеня ў Менску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (РЦНК) Вольга Антоненка.
Паводле яе слоў, культурны цэнтр зойме дзве залы аднаго з пяцізоркавых гатэляў кітайскай сталіцы. Зараз РЦНК і Міністэрства культуры прапрацоўваюць розныя эскізы афармлення цэнтра і працуюць над праграмай адкрыцця гэтай установы.
„Адно з памяшканняў будзе экспазіцыйнай залай з карціннай галерэяй, — сказала Антоненка. — Ідэя пакуль яшчэ ў прапрацоўцы, але, я думаю, там усталююць маніторы, на якіх будуць дэманстравацца элементы культуры, гісторыі, прыроды, прамысловасці Беларусі. У другой зале будуць прэзентаваныя стравы беларускай кухні, інтэр’ер будзе выкананы ў замкавым стылі”.
Зараз вырашаецца пытанне пра тое, хто будзе кіраваць гэтым цэнтрам.
„Як правіла, беларускія культурныя цэнтры адкрываюцца пры пасольствах Беларусі ў той ці іншай краіне. У Пекіне адказваць за працу гэтага цэнтра, хутчэй за ўсё, будуць таксама супрацоўнікі беларускага пасольства. У Кітаі, на жаль, пакуль няма беларускай дыяспары, хоць беларусы там пражываюць, і яны б маглі курыраваць гэтую працу”, — адзначыла Антоненка.
Пра тое, што ў Пекіне плануецца стварыць беларускі культурны цэнтр, упершыню паведаміў міністр культуры Барыс Святлоў, выступаючы 21 снежня мінулага года на адкрыцці Кітайскага культурнага цэнтра ў Менску.