Беларускі Леанарда да Вінчы



Беларускі мастак Язэп Драздовіч (1888-1954), якому 13 кастрычніка спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння, – адна з найбольш значных, самабытных і незвычайных асоб беларускай культуры і мастацтва. Творчы дыяпазон майстра настолькі разнастайны, што здаецца немагчымым аднесці яго да адзінай плыні, напрамку, стылю, віду дзейнасці: Язэп Драздовіч быў і застаецца не толькі таленавітым мастаком і скульптарам, але і выдатным пісьменнікам, паэтам, настаўнікам, этнографам, фалькларыстам, філосафам, хірамантам, археолагам, тэатральным дзеячам, астраномам-аматарам і заснавальнікам беларускай тэарэтычнай астраноміі. Немагчыма зразумець, як гэты чалавек за свой нядоўгі, поўны цяжкасцей шлях здолеў ахапіць такую шматграннасць жыцця, спрыяць адраджэнню нацыянальнай культуры, спазнаць неверагоднае, адчыніць перад людзьмі дзверы будучыні і дазволіць ім марыць… Невыпадкова беларускі мастак, сучаснік Драздовіча Пётра Сергіевіч назваў творцу “нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы”.

Язэп Драздовіч, 1928 г.

Доўгі час пра жыццё і дзейнасць Язэпа Драздовіча, “дзядзькі Язэпа”, як яго называлі знаёмыя, не было добра вядома. Яго імя стала яркім адкрыццём у Беларусі ў 1984 годзе дзякуючы выхаду ў свет кнігі “Вечны вандроўнік” Арсеня Ліса.

На сённяшні дзень цікавасць да асобы Язэпа Драздовіча не змяншаецца. Праходзяць выстаўкі, пленэры і навуковыя канферэнцыі ў яго гонар, выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя творчасці мастака, ствараюцца дакументальныя фільмы. Астранамічныя гіпотэзы і яго мары аб палётах у касмічную прастору цалкам увасобіліся і працягваюць сваё далейшае развіццё. Язэп Драздовіч верыў: “Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць”. Прадказанні гэтага дзіўнага чалавека, несумненнага майстра і сапраўднага прарока здзейсніліся.

Талент Язэпа Драздовіча яскрава выявіўся ў графічных серыях. Сярод якіх “Архітэктурныя замалёўкі і арнаменты”, “Дзісеншчына”, “Глыбокае”, “Гара Варганіха”, “Піншчына”, “Мірскі замак”, “Наваградак”, “Гальшанскі замак”, “Гальшанскае гарадзішча”, “Лідскі замак”, “Крэва”, “Троцкі замак” (Тракайскі), “Вільня”, “Прырода Беларусі”, ілюстрацыі да рамана “Гарадольская пушча” пра старадаўніх насельнікаў Полаччыны, напісанага самім Драздовічам, але так і не завершанага.

Мастак адным з першых звярнуўся да вобраза Францыска Скарыны ў сваёй творчасці. Нездарма яго называюць заснавальнікам беларускага нацыянальнага гістарычнага мастацтва. Праз створаную серыю жывапісных і графічных работ паўстаюць найважнейшыя падзеі на жыццёвым шляху першадрукара: ад выпраўлення юнака з роднага Полацка ў вялікі свет у пошуках навукі да завяршэння яго выдавецкай дзейнасці.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Драздовіч-у-мастацкай-студыі-пры-Віленскай-беларускай-гімназіі-у-цэнтры-Рыгор-Шырма.-1926—1927-гг..jpg
Драздовіч у мастацкай студыі пры Віленскай беларускай гімназіі, у цэнтры Рыгор Шырма. 1926—1927 гг.

У 1908 годзе Язэп Драздовіч знаёміцца з рэдактарамі віленскай газеты “Наша ніва”, атрымлівае першыя заказы на вокладкі для кніг, якія выпускаліся беларускім выдавецтвам. У пачатку 1910-х гадоў мастак афармляе ў стылі мадэрн “Першы беларускі каляндар “Нашай нівы”, зборнік вершаў “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло, робіць мастацкае аздабленне кааператыўна-гаспадарчага часопіса “Самапомач”, часопіса “Вольны сцяг”, стварае малюнкі для лемантара, афармляе іншыя беларускія выданні.

Сёння Язэпа Драздовіча лічаць “беларускім Цыялкоўскім”, заснавальнікам беларускай тэарэтычнай астраноміі, бо працы яго, гіпотэзы, думкі, нягледзячы на адсутнасць адпаведнай адукацыі, насамрэч зацікавілі даследчыкаў у галіне астраноміі і касмалогіі. Больш за гэта, прадчуванні “небазнаўца” рэалізаваліся: усяго праз 5 гадоў пасля смерці Драздовіча Сяргей Каралёў запусціў першы штучны спадарожнік Зямлі, праз 7 гадоў паляцеў у космас Юрый Гагарын, а праз 15 – амерыканскі экіпаж Апалон-11 высадзіўся на Месяцы.

Вокладка Першага беларускага календара Нашай Нівы на 1910 год, аздобленая малюнкам Драздовіча
Зборнік вершаў, аформлены Драздовічам
Язэп Драздовіч, Аўтапартрэт, 1943 г.
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Магіла-Язэпа-Драздовіча.jpg
Магіла Язэпа Драздовіча
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Помнік-Язэпу-Драздовічу-ў-Траецкім-прадмесці-ў-Менску-686x1024.jpg
Помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці ў Менску
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Язэп-Драздовіч.-Марка-Белпошты-1994.jpg
Язэп Драздовіч. Марка Белпошты, 1994 г.

Беларускае Радыё Рацыя