Беларускі метал-гурт «Зніч» плануе вялікі тур па Еўропе



Беларускі метал-гурт «Зніч» адрадзіўся ў Польшчы ў новым складзе пасля таго, як яго кіраўніку Алесю Таболічу прыйшлося эмігрыраваць з Беларусі па палітычных матывах.

Складанасцяў пры адраджэнні гурта было шмат. Але стала лягчэй, калі знайшлі сабе невялічкае бясплатнае памяшканне ў Беларускай прасторы «Робім разам», кажа гітарыст і кампазітар гурту Вітаўтас Кашкурэвіч:

-У нас запіс нашага новага альбома гурта “Зніч”. Сёння мы пішам бубны ў нашай уласнай студыі, якую нам прапанавала прастора «Робім разам». У такім складзе мы дзейнічаем больш за год. З’ездзілі ў адзін тур па Прыбалтыцы. З’ездзілі на вялікі літоўскі фестываль і запісалі поўнафарматны альбом. Зараз плануем вялікі тур па Еўропе. І запісваем новыя песні, новыя дыскі.

На музычным алімпе гурт «Зніч» ужо 27 гадоў. За гісторыю свайго існавання каманда сыграла безліч канцэртаў і ўзяла ўдзел у мностве фестываляў. Застаецца пажадаць музыкам цяперашняга «Зніча» поспехаў і еўрапейскага прызнання.

Беларускае Радыё Рацыя