Беларускі мовавед, знішчаны сталінскім рэжымам
У менскім выдавецтве Зміцера Коласа свет пабачыла кніга “Янка Бялькевіч і яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”.
Кніга прысвечана аднаму з найвыдатнейшых беларускіх мовазнаўцаў Янку Бялькевічу (1883-1960), першаму дырэктару Мсціслаўскага белпедтэхнікума ў 1925-1927 гадах, аўтару “Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны”, беспадстаўна абвінавачанаму сталінскім рэжымам і пазбаўленаму волі ў 1930 годзе.
Янка Бялькевіч нарадзіўся на Слонімшчыне, ён належаў да выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага мовазнаўства напачатку яго станаўлення. Жыццё даследчыка, як і многіх вядучых моваведаў 1920-х гадоў, склалася трагічна. Спецыяліст Слоўнікавай камісіі, сябра Правапіснай камісіі Інстытута мовазнаўства, Янка Бялькевіч 17 лютага 1930 года быў арыштаваны і высланы з Беларусі, куды так і не змог ніколі вярнуцца. У 1931 годзе яго саслалі на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Працаваў на лесапавале. Пасля вызвалення жыў у Данецкай вобласці, дзе выкладаў у школах рускую мову і літаратуру. На працягу 1948-1958 гадоў працаваў у розных навучальных установах г.Жданава (сучасны Марыупаль на Украіне). Да канца жыцця не быў на Бацькаўшчыне, бо не атрымаў дазволу вярнуцца. Рэабілітаваны 19 верасня 1960 года.
Кнігу пра Янку Бялькевіча падрыхтаваў краязнавец з Вілейшчыны Уладзімір Кажамяка. Гэта дзякуючы яму, на Беларусь зноў вярнулася забытае імя Янкі Бялькевіча. Складальнік кнігі напісаў да яе прадмову і апублікаваў свой вялікі артыкул “Наша радасць Янка Бялькевіч і яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”. У кнізе змешчаны таксама артыкулы пра Янку Бялькевіча і яго слоўнік Веранікі Курцовай, Сяргея Чыгрына, Міколы Улашчыка, Леаніда Левановіча, Іллі Шалухі і іншых аўтараў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя